Суд адмовіўся ўзбуджаць справу па пераглядзе месцаў для агітацыі
Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў ва ўзбуджэнні справы па скарзе назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксея Лойка на адмову Мінгарвыканкама пераглядаць сваё рашэнне аб вызначэнні месцаў для агітацыі. Аляксей Лойка прасіў суд прызнаць адказ Мінгарвыканкама незаконным і абавязаць яго змяніць гэтае рашэнне. Падставай да звароту назіральніка ў Мінгарвыканкам і суд паслужыла істотнае пагаршэнне ўмоваў для правядзення агітацыі ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
Паркі на ўскрайку горада, спартыўныя аб'екты, наберажныя. Дзе можна агітаваць на выбарах-2020 у Беларусі?
Суд адмовіў ва ўзбуджэнні справы "ў сувязі з адсутнасцю ў заяўніка права на зварот у суд, бо іскавая заява не падлягае разгляду ў судах з прычыны яе непадведамаснасці". У рашэнні пазначана, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае права і парадак абскарджання рашэнняў аб вызначэнні месцаў для агітацыі, а таксама адмоваў выканкамаў ад унясення змяненняў у такія рашэнні. На падставе гэтага суддзя Маскоўскага раёна Мінска Арцём Русак не стаў разглядаць скаргу назіральніка кампаніі.
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка на падставе гэтага адказу суда прыйшоў да высновы, што заканадаўства не прадугледжвае эфектыўнага сродку прававой абароны для ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
"Тут важна звярнуць увагу на два аспекты. Па-першае, рашэнне мясцовай улады аб вызначэнні месцаў для агітацыі абскардзіць у судзе наогул немагчыма, гэта парушае права на судовую абарону. Па-другое, сама адмова суда ва ўзбуджэнні вытворчасці супярэчыць палажэнням ч. 1 арт. 337 ГПК. Згодна дадзенай норме, справы, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, разглядаюцца судом не пазней месячнага тэрміну з дня паступлення заявы ў суд, калі іншае не ўстаноўлена ГПК і іншымі актамі заканадаўства. Мы прасілі суд разгледзець скаргу ў трохдзённы тэрмін, зыходзячы з ч.3 арт.49-1 ВК. На жаль, судовая праверка законнасці адказу Мінгарвыканкаму аб адмове змяніць месца для агітацыі апынулася недаступнай", — дадае Аляксей Лойка.