Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У самым вялікім раёне Мінска вылучылі адно месца для вулічнай агітацыі – стары сквер

Фрунзенскі выбаркам у Мінску 25 чэрвеня зацвердзіў месцы, дзе можна будзе праводзіць перадвыбарчую агітацыю пры правядзенні выбараў прэзідэнта. Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка адзначае істотнае пагаршэнне ўмоваў для правядзення кандыдатамі агітацыі ў самым густанаселеным раёне Мінска.

Згодна з артыкулам 45 Выбарчага кодэкса мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з адпаведнымі выбарчымі камісіямі вызначаюць месцы, у якіх кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх давераныя асобы ў мэтах ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі могуць праводзіць масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванне).

Аб якіх месцах ідзе гаворка?

  • Месцы для сходаў у памяшканнях

На тэрыторыі Фрунзенскага раёна выдзелены восем актавых залаў школ, дзе кандыдаты і іх давераныя асобы могуць праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі.

Старшыня камісіі Аляксандр Хіжняк падкрэсліў, што ўсе восем памяшканняў адпавядаюць патрабаванням безбар'ернага асяроддзя, устаноўленымі ў главе 6 Закона "Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь".

  • Месцы для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў

Гэта два дзясяткі пляцовак на тэрыторыі раёна: пляцоўка перад будынкам адміністрацыі раёна і ўсе буйныя гандлёвыя цэнтры, якія наведвае вялікая колькасць людзей. Гэта ГЦ "Скала", ГЦ "Карона", ГЦ "Бонус", ГЦ "Green City", ГЦ "Алмі", ГЦ "Максімус".

  • Месцы для правядзення агітацыі

На тэрыторыі Фрунзенскага раёна, самага густанаселенага раёна Мінска, дазволілі агітаваць за кандыдатаў толькі ў Тучынскім скверы. Па сутнасці, такое рашэнне было прынята адміністрацыяй раёна.

"Камісія толькі ўзгадняе праект рашэння, накіраваны з Адміністрацыі раёна і не мае права самастойна вызначаць месцы для агітацыі, яна толькі мае права ўзгадніць і зацвердзіць прапанаваныя месцы для агітацыі", – адзначыў старшыня камісіі Аляксандр Хіжняк.

Вось так выглядае Тучынскі сквер – адзінае месца для агітацыі на паўмільённы Фрунзенскі раён Мінска

Тучынскі сквер

Тучынскі сквер 

Тучынскі сквер 

Тучынскі сквер

«Цалкам відавочна, што мясцовая ўлада пастаралася зрабіць усё, для таго каб правядзенне агітацыі было схавана ад грамадства. Мясцовая ўлада выдзеліла адзіны сквер на паўміліённы раён. Пры гэтым сквер вельмі далёка знаходзіцца ад густанаселеных раёнаў Каменнай Горкі і Сухарава, а таксама ад станцыі метрапалітэна "Пушкінская". І дабрацца ў сквер вельмі цяжка. Грамадскі транспарт ходзіць туды дрэнна.

Напрыклад, на тэрыторыі раёна ёсць Парк імя Уга Чавеса, сцежка здароўя, Парк Цівалі, Парк Дзівівелка, Сквер Дубкі, Бульвар Данілы Сердзіча, Сквер Палянка, Маламедвежынскі сквер, Алея 940-годдзя Мінска, лесапарк Мядзвежына, Сквер на вул. Ефрасінні Полацкай, парк 60-годдзя Вялікага Кастрычніка. Але вызначаны быў толькі адзін сквер", – адзначае назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка.

Наваколлі Тучынскага сквера
Наваколлі Тучынскага сквера

А якая сітуацыя была на папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі?

На выбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў 2105 годзе дазвалялася праводзіць агітацыю ў любых прыдатных месцах за выключэнне аб'ектаў метрапалітэна, пешаходных пераходаў, мастоў, аўтамабільных дарог, плошчаў Мінска, на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцый прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў і некаторых іншых месцах.

Назіральнік кампаніі Аляксей Лойка лічыць, што адбылося істотнае пагаршэнне ўмоваў для правядзення перадвыбарнай агітацыі.

"У бягучай выбарчай кампаніі было выдзелена толькі восем памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі. У 2015 годзе іх было 54. З улікам пандэмііі, уладам варта было б вылучыць восем памяшканняў на вуліцы, гэта мінімізавала б рызыкі распаўсюджвання каранавируснай інфекцыі, а так гэта ўсё выглядае як чыстай вады прафанацыя.

Тое ж самае мы бачым на прыкладзе інфармацыйных стэндаў, дзе можна было размяшчаць агітацыйныя матэрыялы. У 2015 годзе іх было 61, цяпер толькі 20. Цалкам відавочна, што ўлады заціскаюць магчымасці для прэтэндэнтаў", – адзначае Аляксей Лойка.

Назіральнік мяркуе, што такое пагаршэнне умоваў для перадвыбарнай агітацыі можа быць звязана з вялікай падтрымкай альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.

"Прывяду толькі лічбы: афіцыйна на тэрыторыі Фрунзенскага раёна пражывае 470 тысяч насельніцтва. Штаб аднаго Віктара Бабарыка здаў у Фрунзенскую камісію 47,5 тысяч подпісаў жыхароў раёна ў падтрымку вылучэння яго кандыдатам. Аб чым гэта кажа? Гэта кажа аб тым, што альтэрнатыўнаму кандыдату ўдалося заручыцца падтрымкай 10% насельніцтва, не грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, а менавіта паўмільённага насельніцтва раёна сталіцы", – разважае Аляксей Лойка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары