Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 27 ліпеня – 2 жніўня 2020 года

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Высновы

  • Перадвыбарчая агітацыя ідзе ў няроўных умовах: у падтрымку кандыдата Аляксандра Лукашэнкі задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і СМІ. У рэгіёнах інтэнсіўна арганізоўваюцца сустрэчы давераных асоб дзеючага Прэзідэнта і прадстаўнікоў улады розных узроўняў з працоўнымі калектывамі. Яны не заўсёды анансуюцца на адпаведных пляцоўках, інфармацыя пра іх не даецца ў выбарчыя камісіі і ў адкрыты доступ, на некаторыя такія сустрэчы не пускаюць журналістаў, забараняюць фатаграфаваць.
  • Мерапрыемствы асноўнага суперніка дзеючага Прэзідэнта – Святланы Ціханоўскай – адбываюцца пад пільнай увагай праваахоўных органаў, а ў рэгіёнах сустракаюць перашкоды з боку ўладных структур. Святлана Ціханоўская і прадстаўніцы аб’яднанага штабу Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава збіраюць шматтысячныя мітынгі ў розных гарадах краіны. Паводле аналітыкаў кампаніі, перадвыбарчая агітацыя Святланы Ціханоўскай узняла ў грамадстве хвалю энтузіязму і здолела кансалідаваць пэўнае электаральнае поле.
  • Агітацыйны перыяд адзначыўся з’яўленнем шэрагу грамадскіх ініцыятыў, накіраваных на забеспячэнне незалежнага назірання за выбарамі і фіксацыю парушэнняў, у тым ліку, прымусаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні.
  • Цэнтральная выбарчая камісія колькасна і якасна абмежавала працэс назірання на ўчастках для галасавання, чым стварыла умовы для маніпуляцый, зрабіла выбарчы працэс яшчэ больш закрытым для грамадскасці. Дадзены падыход парушае адзін з асноўных прынцыпаў дэмакратычных выбараў – галоснасць іх правядзення.
  • 2 жніўня, за тыдзень да дня галасавання, перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у Прэзідэнты яшчэ не апублікаваны ў друкаваных СМІ, вызначаных пастановай ЦВК.
  • Адной з вядучых крыніц інфармацыі пра бягучыя падзеі агітацыйнага перыяду застаюцца папулярныя Telegram-каналы.
  • Працягваецца ціск на грамадзян краіны, якія публічна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары