Аналітычная справаздача па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Поўны тэкст
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўлялася актывістамі і валанцёрамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
Перадвыбарчы перыяд характарызаваўся ўскладненнем эканамічнай сітуацыі на фоне супярэчнасцяў у беларуска-расійскіх адносінах і недаатрымання беларускім бюджэтам значных сум у гандлі энерганосьбітамі. Сітуацыя ўскладнялася ўзмацненнем патрабаванняў расійскага боку ў палітычнай павестцы двухбаковых адносін і ўвязцы эканамічных пытанняў з «паглыбленай інтэграцыяй» у рамках стварэння саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.
Знешнепалітычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і краінамі ЕС і ЗША, у сваю чаргу, мелі тэндэнцыю да паступальнага паляпшэння з улікам, у тым ліку, вызначаных працэсаў па наладжванні дыялогу па правах чалавека ўнутры краіны і на міжнародных пляцоўках.
Беларускімі ўладамі не было выканана ніводнай рэкамендацыі АБСЕ і нацыянальных назіральнікаў, зробленых па выніках папярэдніх выбарчых кампаній.
Прэзідэнцкія выбары праходзілі на фоне пандэміі каранавіруса ў краіне і ў свеце, што, відавочна, паўплывала на электаральныя перавагі выбаршчыкаў. Нягледзячы на тое, што ў цэлым у краіне выкарыстоўвалася мяккая супрацьэпідэміялагічная палітыка, у тым ліку адмова ад увядзення сур'ёзных каранцінных мер, ЦВК былі ўведзеныя спецыяльныя працэдуры, якія значна скарацілі ўзровень транспарэнтнасці выбарчых працэдур, асабліва на этапе галасавання і падліку галасоў.
Прэзідэнцкія выбары 2020 праходзілі ў беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства, на фоне рэпрэсій, якія пачаліся фактычна адразу пасля пачатку выбарчай кампаніі і не спыняліся на ўсіх яе этапах. У выніку гэтых рэпрэсій больш за тысячу грамадзян былі падвергнутыя адміністрацыйным затрыманням, сотні арыштаваныя альбо аштрафаваныя, у выніку распачатых крымінальных спраў 23 чалавекі, уключаючы непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі: сябраў ініцыятыўных груп, асоб вылучаных у якасці кандыдатаў, а таксама блогераў і ўдзельнікаў мірных акцый пратэстаў і пікетаў па зборы подпісаў. Усе яны былі прызнаныя палітвязнямі беларускай праваабарончым супольнасцю.
Адзін з найбольш папулярных патэнцыйных кандыдатаў гэтай кампаніі, Віктар Бабарыка, быў затрыманы і ўзяты пад варту на этапе збору подпісаў. Разам з ім былі затрыманыя і некалькі сябраў яго ініцыятыўнай групы, уключаючы яе кіраўніка Эдуарда Бабарыку. Папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі, які таксама выказаў жаданне балатавацца ў Прэзідэнты, першапачаткова быў затрыманы для адбыцця раней прызначанага адміністрацыйнага арышту, у выніку чаго не змог асабіста падаць дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. У выніку ініцыятыўная група была зарэгістраваная яго жонкай – Святланай Ціханоўскай. Пасля вызвалення і актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай у якасці кіраўніка яе ініцыятыўнай групы, С. Ціханоўскі быў зноў затрыманы ў выніку правакацыі. Крыху пазней яму прад’явілі абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а ў канцы выбарчай кампаніі – у падрыхтоўцы і арганізацыі масавых беспарадкаў. Таксама адна з крымінальных спраў па 191 КК была ўзбуджаная ў дачыненні да С. Ціханоўскага па асабістай заяве ў СК старшыні ЦВК Л. Ярмошынай.
Выбарчы працэс на ўсіх яго этапах не адпавядаў шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і справядлівых выбараў і суправаджаўся шматлікімі парушэннямі гэтых прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства. Гэта было абумоўлена актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу на карысць дзеючага Прэзідэнта, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, няроўным доступам да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.
Увядзенне ЦВК абмежаванняў па колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання прывяло да зрыву назірання за ўсімі відамі галасавання (датэрміновым, у дзень выбараў і па месцы знаходжання выбаршчыкаў), а таксама за падлікам галасоў. Гэтыя важныя этапы выбарчай кампаніі прайшлі цалкам непразрыста.
Істотныя парушэнні пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нацыянальнага заканадаўства і асноватворных прынцыпаў правядзення справядлівых і дэмакратычных выбараў, у тым ліку пазбаўленне назіральнікаў магчымасці бачыць падлік вынікаў галасавання, не дае падстаў давяраць вынікам выбараў, агучаным ЦВК і лічыць адлюстроўваючымі рэальнае волевыяўленне грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Выбарчыя камісіі
Пры фарміраванні выбарчых камісій выканкамы ўжывалі дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: з 25 прэтэндэнтаў ад апазіцыйных партый у склад ТВК увайшлі толькі два, а з 545 вылучаных апазіцыйнымі партыямі ў склад УВК увайшлі толькі 6 чалавек (1,1% ад вылучаных), агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у ТВК склала 0,1% ад агульнага складу ТВК, а ў УВК – 0,009% ад агульнага складу сябраў УВК, што ў пяць разоў менш чым на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
Большасць сябраў выбарчых камісій традыцыйна прадстаўлены сябрамі пяці найбуйнейшых праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў: БРСМ, "Белая Русь", Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ.
Адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб'ектамі, якія прымаюць удзел у выбарах, як і раней, робяць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў.
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты падалі 55 чалавек, што стала рэкордам за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у краіне. ЦВК зарэгістравала 15 з іх, што склала 27% ад агульнай колькасці разгледжаных заяў.
Адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп на падставе парушэння добраахвотнасці ўдзелу ў выбарах сведчаць аб маніпуляцыях ЦВК палажэннямі ВК і парушаюць прынцып роўнасці кандыдатаў. Вынікі разгляду скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Вярхоўным Судом прадэманстравалі неэфектыўнасць гэтага сродку прававой абароны ўдзельнікаў выбарчай кампаніі.
Збор подпісаў прайшоў з сур'ёзнымі парушэннямі стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў. Ініцыятыўныя групы асобных прэтэндэнтаў падвергнуліся значнаму ціску з боку праваахоўных органаў. Некаторыя з сябраў ініцыятыўных груп С. Ціханоўскай і В. Бабарыкі былі затрыманыя і ўзятыя пад варту ў рамках узбуджаных крымінальных спраў, у тым ліку і сам прэтэндэнт у кандыдаты В. Бабарыка. Іх пераслед быў прызнаны беларускай і міжнароднай супольнасцю палітычна матываваным, а самі затрыманыя палітычнымі зняволенымі.
Выбарчыя камісіі пацвердзілі збор неабходных 100 тысяч подпісаў шасцю прэтэндэнтамі. Праверка подпісаў, як і раней, адбывалася непразрыста. Дадатковай падставай для недаверу да яе вынікаў і прадметам шырокага абмеркавання грамадскасці паслужыў той факт, што ў двух патэнцыйных кандыдатаў ЦВК прызнала амаль у паўтара разы больш подпісаў, чым яны папярэдне заяўлялі.
З сямі асоб, якія вылучаліся кандыдатамі ў Прэзідэнты і прадставілі подпісы, сабраныя за іх вылучэнне, кандыдатамі зарэгістраваныя пяць - С. Ціханоўская. А. Дзмітрыеў, А. Канапацкая, С. Чэрэчэнь і А. Лукашэнка.
Рэгістрацыя кандыдатаў адбылася з парушэннем стандартаў сумленных і справядлівых выбараў. Віктару Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзідэнты на падставе дадзеных Камітэта дзяржаўнага кантролю аб ходзе расследавання крымінальнай справы, што супярэчыць прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Рашэнне ЦВК аб адмове Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзідэнты парушыла яго права быць абраным.
Вызначэнне месцаў, дзе забароненае пікетаванне па зборы подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, не стварыла сур'ёзных перашкод для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Адзначаецца адсутнасць адзінага падыходу мясцовых органаў улады да вызначэння такіх месцаў.
Дазвол збіраць подпісы на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў стварыла дадатковыя ўмовы для супрацьпраўнага выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу ў падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы: збор подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты А. Лукашэнкі часта ажыццяўляўся ў працоўны час, на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў, пры непасрэдным удзеле адміністрацый гэтых прадпрыемстваў і ўстаноў.
Перадвыбарная агітацыя
Агітацыйная кампанія істотна адрознівалася ад папярэдніх выбараў шырокай актыўнасцю пратэстнага электарату як у Менску, так і ў невялікіх беларускіх гарадах. Найбольш актыўнай і прыкметнай у грамадстве стала кампанія Святланы Ціханоўскай разам з прадстаўніцамі аб'яднанага штаба. Мітынгі ў яе падтрымку наведалі дзясяткі тысяч людзей у розных гарадах краіны.
Магчымасці атрымліваць інфармацыю пра кандыдатаў у Прэзідэнты былі сур'ёзна абмежаваныя мясцовымі выканкамамі, якія рэзка скарацілі ў параўнанні з выбарамі 2015 года колькасць месцаў для перадвыбарнай агітацыі. У многіх выпадках гэтыя месцы былі непрыдатныя для мэтаў агітацыі (маланаведвальныя, у дрэннай транспартнай даступнасці і інш.).
Перадвыбарная агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: адмовіўшыся ад афіцыйнай агітацыі, дзейны Прэзідэнт максімальна выкарыстаў адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і СМІ. Перанесенае з красавіка на 4 жніўня штогадовае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу шырока тыражавалася ў СМІ, што служыла агітацыяй за кіраўніка дзяржавы як аднаго з кандыдатаў. У рэгіёнах інтэнсіўна арганізоўваліся сустрэчы давераных асоб дзеючага Прэзідэнта і прадстаўнікоў улады розных узроўняў з працоўнымі калектывамі. Яны йшлі ў працоўны час, на працоўных месцах і не заўсёды анансаваліся, на некаторыя такія сустрэчы не пускалі журналістаў або забаранялі падчас іх фатаграфаваць.
Агітацыя на карысць дзеючага кіраўніка краіны спалучалася з шырокай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш актыўных кандыдатаў у Прэзідэнты. У эфіры праграм Беларускага тэлебачання рэгулярна выкарыстоўваліся факты крымінальнага пераследу ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і матэрыялы крымінальных спраў, што парушае прэзумпцыю невінаватасці. Для прасоўвання негатыўнага вобразу альтэрнатыўных кандыдатаў і іх праграм, а таксама для іх дыскрэдытацыі ўпершыню актыўна выкарыстоўваліся Telegram-каналы.
Прынятыя па ініцыятыве дзеючага Кіраўніка дзяржавы і кандыдата ў Прэзідэнты А. Лукашэнкі меры заахвочвання ў выглядзе павышэння пенсій, пераносу на больш ранні тэрмін іх выплаты, з'яўляліся фактычна подкупам выбаршчыкаў і выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу.
Штабы альтэрнатыўных кандыдатаў у Прэзідэнты актыўна выкарыстоўвалі Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі для агітацыі на карысць сваіх кандыдатаў, а таксама відэа-сэрвіс YouTube.
Датэрміновае галасаванне
У датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 41,7% выбаршчыкаў – найбольшая колькасць за ўвесь час правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Фактычна датэрміновае галасаванне ператварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням ВК.
Уведзеныя пастановай ЦВК абмежаванні па колькасці назіральнікаў на ўчастках падчас правядзення датэрміновага галасавання зрабіла гэты этап выбарчай кампаніі цалкам непразрыстым для незалежнага грамадскага назірання.
З 798-ці назіральнікаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", акрэдытаваных на выбарчых участках у перыяд датэрміновага галасавання, толькі 93 (11,6% ад акрэдытаваных) мелі магчымасць назіраць на выбарчых участках пэўны адрэзак часу, які не ахопліваў увесь перыяд галасавання. Толькі адзін прадстаўнік кампаніі меў магчымасць назіраць на працягу ўсіх пяці дзён датэрміновага галасавання.
Падчас датэрміновага галасавання назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” былі зафіксаваныя шматлікія факты арганізаванага, прымусовага галасавання некаторых катэгорый выбаршчыкаў (вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС, МНС, работнікаў дзяржпрадпрыемстваў, грамадзян, якія пражываюць у інтэрнатах) а таксама факты завышэння яўкі прагаласаваўшых.
Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу, стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый.
Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў
Па-ранейшаму застаюцца закрытымі для назіральнікаў спісы выбаршчыкаў на ўчастках. Не створаны Адзіны рэестр выбаршчыкаў. Гэта стварае ўмовы для маніпуляцый з яўкай.
Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" былі пазбаўленыя магчымасці непасрэдна назіраць за галасаваннем на ўчастках, а таксама за галасаваннем па месцы знаходжання выбаршчыкаў.
Там, дзе назіральнікі ажыццяўлялі назіранні па-за ўчасткамі для галасавання, на многіх участках у Мінску, Брэсце і шэрагу іншых гарадоў, паведамлялася пра вялікія чэргі выбаршчыкаў, якія ўтварыліся на ўчастках, у шэрагу выпадкаў агульная яўка складала больш за 100% выбаршчыкаў, у многіх выпадках выбаршчыкі так і не паспелі прыняць удзел у выбарах да закрыцця ўчасткаў для галасавання. Дадзеныя факты яшчэ раз пацвярджаюць відавочнае перавышэнне яўкі датэрміновага галасавання.
У заканадаўстве не прапісаны метад падліку бюлетэняў участковымі выбарчымі камісіямі. Для падліку галасоў не прымяняецца дакладная працэдура, пры якой адзнака на кожным бюлетэні аб'яўляецца ўслых з дэманстрацыяй бюлетэня ўсім прысутным сябрам УВК і назіральнікам.
У сувязі з тым, што назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», а роўна назіральнікі іншых грамадзянскіх ініцыятыў, не былі дапушчаныя да назірання за падлікам галасоў, ёсць усе падставы сцвярджаць, што ўстанаўленне вынікаў галасавання прайшло цалкам непразрыста. Гэта з'яўляецца парушэннем аднаго з асноўных прынцыпаў правядзення выбараў – галоснасці іх правядзення.
Абскарджванне парушэнняў выбарчага заканадаўства
Звароты і скаргі па фактах парушэнняў ВК падчас розных этапаў выбарчай кампаніі не мелі заўважнага ўплыву на практыку правядзення выбарчых працэдур. Усе скаргі, пададзеныя ў суды на рашэнні аб утварэнні выбарчых камісій (484) засталіся альбо без задавальнення (415), альбо без разгляду (69)1.
Судовае абскарджанне рашэнняў ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у Прэзідэнты В. Бабарыка і В. Цапкала ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь таксама прадэманстравалі павярхоўныя і фармальныя падыходы судоў.
Падача скаргаў і зваротаў па-ранейшаму застаецца неэфектыўным сродкам абароны парушаных выбарчых правоў асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, іншых удзельнікаў выбараў і назіральнікаў.
Выбарчы кодэкс, як і раней, утрымлівае абмежаваны пералік выпадкаў, якія падлягаюць абскарджанню ў судовым парадку. Не падлягае судоваму абскарджанню рашэнне ЦВК аб устанаўленні вынікаў выбараў, а таксама адпаведныя рашэнні ТВК.
Таксама Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае нормаў, якія рэгулююць пачатак і заканчэнне працэсуальных тэрмінаў, умоў іх аднаўлення. Пры гэтым суды ў сваёй практыцы кіруюцца выключна нормамі ВК, а не агульнымі нормамі ГПК. Дадзеная прававая нявызначанасць стварае перашкоды ў рэалізацыі магчымасці абскарджання парушэнняў выбарчых правоў суб'ектамі выбарчага працэсу.
Назіральнікамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" за ўвесь час выбарчай кампаніі ў розныя дзяржаўныя органы і вышэйстаячыя выбарчыя камісіі было пададзена каля 3 тысяч скаргаў. Аднак назіральнікам невядома ніводнага выпадку, калі б задавальняліся скаргі на грубыя парушэнні на этапе галасавання і падліку галасоў.
[1] http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/2020/stat8.pdf
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Цалкам тэкст папярэдняй справаздачы па назіранні з'явіцца на сайце пазней.
Files
- papiaredniaja-2020-bel.pdf (0.99 Mb)