Паркі на ўскрайку горада, спартыўныя аб'екты, наберажныя. Дзе можна агітаваць на выбарах-2020 у Беларусі?
Сёлетняя выбарчая кампанія азмрочылася яшчэ адным фактарам – рэзкім скарачэннем месцаў для агітацыі ў параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі. Месцы, вызначаныя ў Беларусі для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў або непрыдатныя для такіх мэтаў, або маланаведвальныя выбаршчыкамі. У асноўным, гэта паркі, скверы і іншыя месцы адпачынку, некаторыя з іх знаходзяцца ў дрэннай транспартнай даступнасці, да іх цяжка дабірацца. Як наогул склалася сітуацыя з вызначанымі ўладамі месцамі для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў у Беларусі на выбарах-2020 – чытайце ў нашым матэрыяле.
Як адзначаюць эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», калі падчас выбараў Прэзідэнта 2015 года пры прыняцці рашэнняў аб месцах для правядзення агітацыйных сходаў органы мясцовай улады дзейнічалі па прынцыпу "масавыя мерапрыемствы для мэтаў перадвыбарчай агітацыі дазволена проводзіць там, дзе гэта не забаронена", то цяпер – "масавыя мерапрыемствы забаронена праводзіць паўсюль, акрамя аднаго-двух самых нязручных месцаў".
Мінск
У двухмільённым Мінску для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў выдзялілі толькі шэсць месцаў на дзевяць раёнаў. Гэта чатыры паркі і два скверы, якія знаходзяцца на значнай адлегласці не толькі ад цэнтра горада, але і ад іншых шматлюдных пляцовак. Так, у сталіцы на адно месца, вызначанае для агітацыйных сходаў, прыходзіцца каля 213 тысяч выбаршчыкаў.
На папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі ў 2015 годзе ў Мінску для перадвыбарчай агітацыі былі вызначаныя любыя прыдатныя месцы на тэрыторыі Мінска, за выключэннем тэрыторый чатырох плошчаў у цэнтрах Мінска і плошчы Дзяржаўнага сцяга, а таксама шэраг іншых аб'ектаў.
У самым вялікім раёне Мінска вылучылі адно месца для вулічнай агітацыі – стары сквер
Назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Наталля Сацункевіч звярнулася ў Мінгарвыканкам, каб яны ўсё ж перагледзелі сваё рашэнне і дазволілі праводзіць, як у 2019 годзе, масавыя мерапрыемствы падчас перыяда агітацыі ў Мінску ва ўсіх прыдатных для гэтага месцах.
Мінская вобласць
На Міншчыне выканкамы вызначылі на раённыя гарады стабільна па аднаму месцу на правядзенне агітацыйных масавых мерапрыемстваў у незалежнасці ад розных фактараў (напрыклад, колькасць насельніцтва). Для прыклада паглядзім на чатыры суседскія гарады і раёны Мінскай вобласці: Любань-Салігорск-Слуцк-Старыя Дарогі.
У Салігорску, дзе пражывае больш за 134 тысяч жыхароў, вызначана толькі адно месца для агітацыйных масавых мерапрыемстваў – гэта стадыён «Будаўнік». Як адзначае назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Мархотка, Салігорскі райвыканкам вызначыў нязручнае месца для агітацыйнага мерапрыемства, пры гэтым у горадзе шмат больш бяспечных і зручных месцаў.
У той час у суседнім Слуцку з 61 тысячай насельніцтва таксама выдзялена адно месца для перадвыбарчых агітацыйных пікетаў і мітынгаў – пляцоўка каля "Слуцкага гарадскога моладзевага цэнтра". У Старых Дарогах з 11 тысячамі насельніцтва таксама адведзена адно месца для масавых мерапрыемстваў – гарадскі стадыён, які агароджаны высокім плотам. Такая ж сітуацыя і ў 11-тысячным Любане: там праводзіць масавыя мерапрыемствы з мэтай агітацыі дазволена толькі ў гарадскім парку на ўскрайку горада.
У Барысаве колькасць месцаў для масавых мерапрыемстваў скарацілася на 18: у 2015 годзе – было 19, сёлета – адно. На 180 тысяч насельніцтва адвялі адну пляцоўку каля мясцовага Універмага “Веста-Барысаў”.
Брэсцкая вобласць
У Брэсце дазволілі праводзіць агітацыйныя мітынгі, пікеты і сустрэчы з выбаршчыкамі толькі ў двух месцах. Гэта пляцоўка каля крамы «Еўраопт» у Ленінскім раёне Брэста і на алеі каля сцэнічнай пляцоўкі Парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў у мікрараёне “Усход”. Такім чынам, тут на адно месца прыходзіцца каля 101 тысяч выбаршчыкаў.
У Брэсце толькі два месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі і яны нязручныя
Бярозаўскі райвыканкам вызначыў толькі два месцы для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў. Гэта пляцоўка перад будынкам дзіцяча-юнацкай спартовай школы ў Бярозе і пляцоўка перад Белаазёрскім домам культуры. У 2015 годзе, як і ў іншых гарадах, агітацыйныя масавыя мерапрыемствы можна было праводзіць у любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах за некаторымі выключэннямі.
Па аднаму месцу для правядзення масавых мерапрыемстваў (сходы па-за памяшканняў, мітынгі, пікетаванне) вызначылі Пружанскі, Івацэвіцкі, Драгічынскі, Іванаўскі, Жабінкаўскі і Кобрынскі райвыканкамы.
На Брэстчыне не змянілася колькасць месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў у параўнанні з выбарамі 2015 года толькі ў Баранавіцкім раёне – засталося два.
Гомельская вобласць
Гомельскія мясцовыя ўлады сёлета прапанавалі кандыдатам праводзіць сустрэчы на пляцоўцы перад уваходам у філіял "Цэнтр інклюзіўнай культуры" дзяржаўнай установы “Гарадскі цэнтр культуры”, пляцоўцы для мерапрыемстваў зоны адпачынку "Пруды", пляцоўцы перад уваходам у культурнаспартыўны комплекс “Лакаматыў”. У Гомелі на адно месца прыходзіцца каля 135 тысяч выбаршчыкаў.
Паведамляецца, што на ўсіх гэтых пляцоўках змантаваныя сістэмы відэаназірання.
У рэгіёнах Гомельшчыны сітуацыя выглядае яшчэ больш сумнай. Так, у Светлагорскім раёне колькасць месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў скарацілася з выбараў-2015 года ў 26 разоў. Цяпер агітаваць шляхам мітынгаў і пікетаў можна толькі на набярэжнай ракі Бярэзіны (у мяжы вуліцы Савецкай). Але, як адзначае светлагорская назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алена Маслюкова, з рашэння мясцовага выканкама нават незразумела, што маецца на ўвазе «у мяжы вуліцы Савецкай».
«Незразумела, ці гэта ўся набярэжная, ці толькі каля сцэнічнай пляцоўкі. Але зразумела адно, што гэтае месца не надта зручнае для агітацыі, бо яно не такое наведвальнае і дастаткова аддаленае ад мікрараёнаў горада. Лічу такое рашэнне светлагорскіх уладаў недэмакратычным, парушаючым правы чалавека і Выбарчы кодэкс, бо яно абмежоўвае правы людзей удзельнічаць у электаральнай кампаніі, асабліва тых, хто пражывае ў сельскай мясцовасці. Мала таго, што для жыхароў сельскай мясцовасці значна скарацілася колькасць памяшканняў для сустрэч з кандыдатамі і іх прадстаўнікамі, дык іх увогуле пазбавілі магчымасці прысутнічаць на агітацыйных пікетах і мітынгах».
У Мазырскім раёне на выбарах Прэзідэнта 2015 года былі вызначаны 14 месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў, а сёлета – толькі адно. Аналагічная сітуацыя назіраецца ў Калінкавіцкім раёне, дзе колькасць месцаў скарацілася з 22 у 2015 годзе да аднаго цяпер.
Гродненская вобласць
У Гродне на выбарах 2015 года было вызначана 19 месцаў для агітацыйных масавых мерапрыемстваў, у гэтым годзе толькі два. І гэта маланаведвальныя паркі далёкія ад цэнтра (па аднаму месцу на раён). Такім чынам, у Гродне на адно месца прыходзіцца каля 114 тысяч выбаршчыкаў.
Пад забаронай — амаль увесь горад. У Гародні агітаваць дазваляецца толькі ў двух парках
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Раман Юргель прааналізаваў усе рашэнні выканкамаў Гродненскай вобласці аб вызначэнні месцаў для агітацыйных масавых мерапрыемстваў. Такім чынам, ва ўсіх 17 раёнах Гродненскай вобласці вызначана толькі па аднаму месцу. Гэта стадыёны ў Карэлічах, Слоніме, Воранаве, Дзятлаве, Навагрудку, Свіслачы, наберажная ў Ваўкавыску і іншыя падобныя месцы.
У Смаргоні, як адзначае назіральнік кампаніі Алесь Дзергачоў, у бягучай выбарчай кампаніі такія формы агітацыі, як пікетаванне, мітынгі, сходы на адкрытым паветры ўвогуле ледзь не згорнутыя мясцовымі ўладамі. Калі ў мінулым годзе гэтыя мерапрыемствы можна было праводзіць ў любых зручных месцах, то ў сёлетніх выбарах для такіх мерапрыемстваў на ўвесь раён вызначана толькі адно месца: сквер на вуліцы Сініцкага ў Смаргоні, які прыдатны хіба што для выгула сабак.
Віцебская вобласць
Віцебскія гарадскія ўлады скарацілі ў параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі-2015 месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў з 20 да трох. Гэта дзве сцэнічныя пляцоўкі: пляцоўка Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, пляцоўка комплексу культурна-масавага адпачынку імя «Савецкай Арміі» і месца на скрыжаванні алей парку 30-годдзя ВЛКСМ за СДЮШАР «Камсамолец».
Як адзначае назіральніца кампаніі Ірына Траццякова, папярэднія прэзідэнцкія выбары давалі значна больш магчымасцяў правядзення сустрэч з выбаршчыкамі па-за памяшканнямі.
«Гэта былі ўсе густанаселеныя і спальныя раёны, добра наведвальныя месцы адпачынку, некаторыя – недалёка ад цэнтра горада. Месцы былі тэрытарыяльна зручней, праходнасць людзей вышэй, арганізацыя і тэхнічныя моманты мелі больш магчымасцяў, транспартная сувязь была значна лепшая».
Такім чынам, у Віцебску на адно месца прыходзіцца 107 тысяч выбаршчыкаў.
У Верхнядзвінскім раёне вызначылі толькі адно месца для агітацыя, у той час, калі ў 2015 годзе такіх месцаў было 16. Сёлета ў гэтым горадзе дазволена агітаваць толькі ў гарадскім парку, які знаходзіцца на беразе ракі Дзвіны.
На Глыбоччыне ўлады вызначылі ўсяго два месцы для масавых мерапрыемстваў у мэтах агітацыі. У Глыбокім – гэта пляцоўка (аўтастаянка) перад крамай "Белмаркет", якая знаходзіцца амаль на ўскраку горада. Другое месца знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Падсвілле, там выдзялены невялікі дворык перад мясцовым Домам культуры.
Магілёўская вобласць
Магілёўскія мясцовыя ўлады вырашылі на горад і раён вызначыць тры месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў:
- Спартыўная пляцоўка стадыёна аграгарадка Палыковічы;
- Пляцоўка перад «Хакейным клубам Магілёва»;
- Пляцоўка перад «Магілёўскім абласным цэнтрам алімпійскага рэзерва».
Такім чынам, на адно месца ў Магілёве прыходзіцца 157 тысяч выбаршчыкаў.
У раёнах Магілёўскай вобласці назіраецца аналагічная сітуацыя. Так, у Крычаве для агітацыйных масавых мерапрыемстваў прадугледжаны толькі стадыён, а ў 2019 годзе можна было агітаваць у дварах, парках, стадыёнах, скверах, кірмашных плошчах, практычна дзе заўгодна, адзначае назіральнік кампаніі Сяргей Няроўны.
Колькасць месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў не змянілася на Магілёўшчыне ў параўнанні з выбарамі 2015 года толькі ў Бабруйскім раёне – засталося 6, у Ленінскім раёне г. Магілёва – 2 месцы.
Замест высноваў
Як адзначаюць эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", такое скарачэнне месцаў для агітацыі сур’езна абмяжоўвае не толькі правы патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты, але і правы выбаршчыкаў атрымліваць інфармацыю аб кандыдатах.
Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» будуць накіроўваць звароты ў выканкамы, якія вызначылі нязручныя месцы для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў, ці малую колькасць такіх месцаў, з просьбай пераглядзець дадзеныя рашэнні ў бок паляпшэння ўмоваў для агітацыі.
Што можна зрабіць, каб месцаў для перадвыбарчай агітацыі стала болей? Каментарый эксперта
Сёлетнія рашэнні аб месцах правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў былі прынятыя мясцовымі выканкамамі насуперак рэкамендацыям ЦВК. У Дапаможніку для тэрытарыяльных выбарчых камісій ЦВК рэкамендаваў у якасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі вызначаць любыя месцы, не забароненыя для гэтага.
У Кіруючых прынцыпах АБСЕ па свабодзе мірных сходаў адзначана, што варта забяспечваць правядзенне сходаў у зоне бачнасці і чутнасці іх мэтавай аўдыторыі. Абмежаванні, якія не маюць разумнага абгрунтавання, з’яўляюцца адвольнымі і супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.
Больш падрабязна пра сітуацыя ў Беларусі з месцамі для агітацыі – чытайце ў аналітычнай тыднёвай справаздачы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:
Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 29 чэрвеня - 5 ліпеня 2020 года