Мінгарвыканкам адмовіўся паляпшаць месцы для агітацыі. Што скажа суд?
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка звярнуўся ў Мінгарвыканкам аб неабходнасці змянення прынятага ім Рашэння аб вызначэнні ў Мінску месцаў для агітацыі. І вось, што з гэтага атрымалася.
Як адзначае назіральнік, падставай да звароту паслужыла істотнае пагаршэнне ўмоваў для правядзення агітацыі ў Фрунзенскім раёне сталіцы. У параўнанні з аналагічным рашэннем падчас выбарчай кампаніі 2015 года колькасць месцаў для сходаў у памяшканнях скарочана амаль у сем разоў (з 54 да 8), колькасць стэндаў для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў скарочана ў тры разы (з 61 да 21). Для правядзення агітацыйных мітынгаў і пікетаў выдзелена толькі адно месца – стары сквер Тучынскі. Аляксей Лойка лічыць, што ён непрыдатны для сходаў колькасцю больш за 1000 чалавек з прычыны наяўнасці вадаёма і вялікай колькасці дрэваў на тэрыторыі сквера.
У самым вялікім раёне Мінска вылучылі адно месца для вулічнай агітацыі – стары сквер
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран адказаў назіральніку кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», што «рашэнне Мінгарвыканкама аб вызначэнні месцаў для агітацыі ў горадзе не змяшчае прынцыпова новых падыходаў да прававога рэгулявання ў дадзенай сферы грамадскіх адносін». Мінгарвыканкам адмовіўся пераглядаць Рашэнне аб вызначэнні ў Мінску месцаў для агітацыі, і пакінуў усё, як ёсць.
Аляксей Лойка звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна Мінска са скаргай на адказ Мінгарвыканкама.
"Адзінае месца для агітацыі на паўмільённы раён робіць немагчымым захаванне прынцыпу роўнасці кандыдатаў. Канстытуцыя (ч. 2 арт. 66) і Выбарчы кодэкс (ч. 3 арт. 6 і ч. 1 арт. 73) замацоўвае становішча пра тое, што кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах і валодаюць роўнымі правамі. У выпадку апавяшчэння Мінгарвыканкама аб тым, што два кандыдаты плануюць правесці перадвыбарчы мітынг у адзін і той жа час у скверы "Тучынскі", правядзенне мітынгу будзе арганізоўвацца па прынцыпе чаргі, што супярэчыць прынцыпу роўнасці кандыдатаў у прэзідэнты", – тлумачыць назіральнік.
Як адзначыў Аляксей Лойка, ён вырашыў звярнуцца ў суд, каб праверыць, ці даступная судовая праверка для ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
"А даступнай яна будзе толькі ў тым выпадку, калі суд разгледзіць скаргу ў максімальна сціснутыя тэрміны. Тэрмін судовай абароны закліканы адпавядаць канкрэтнай сітуацыі, каб вырашэнне справы не губляла сэнс для заяўніка", – кажа назіральнік.