Місія СНД будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі, АБСЕ — не
Місія СНД возьме ўдзел у назіранні за выбарамі прэзідэнта Беларусі, піша "Радыё Свабода" са спасылкай на агенцтва «Інтэрфакс». Пра гэта паведаміла дарадца прэс-службы выканкаму Садружнасці Марыя Гуцала 20 ліпеня.
«Выканаўчы камітэт СНД атрымаў запрашэнне Міністэрства замежных спраў Беларусі ўзяць удзел у назіранні за выбарамі прэзідэнта рэспублікі, цяпер ідзе працэс фармавання місіі», — сказала Гуцала.
«Мы накіравалі лісты ва ўсе дзяржавы — удзельніцы СНД (за выключэннем Украіны, якая ў 2015 годзе выйшла з дамовы аб місіі назіральнікаў СНД) з просьбай прапанаваць свае кандыдатуры ў склад місіі», — дадала яна.
Як паведаміла Гуцала, у аўторак на пасяджэнні Савету пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў краін СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці плануецца ўхваліць кандыдатуру кіраўніка місіі. Выканкам прапануе ў якасці кіраўніка місіі кандыдатуру Сяргея Лебедзева, старшыні выканкаму СНД.
Гуцала таксама паведаміла, што ўжо на гэтым тыдні чакаецца першая сустрэча кіраўніцтва місіі з кіраўніцай ЦВК Беларусі Лідзіяй Ярмошынай.
«Далей па меры прыходу лістоў ад дзяржаў СНД будзе весціся акрэдытацыя назіральнікаў», — дадала яна.
Парламенцкая асамблея АБСЕ 7 ліпеня паведаміла, што не будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, бо ў яе «няма плянаў назіраць за выбарамі да восені як мінімум з прычыны пандэміі COVID-19». 15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ заявіла, што таксама не будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію, але ў сувязі з тым, што ім не было своечасова даслана афіцыйнае запрашэнне.
20 ліпеня прэсавая прадстаўніца БДІПЧ у Варшаве, якое займаецца назіраннем за выбарамі ў краінах-удзельніцах АБСЕ, Каця Андруш паведаміла "Свабодзе", што БДІПЧ не будзе публікаваць ацэнкі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, хоць «працягвае ўважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі».
Калі БДІПЧ АБСЕ называла недэмакратычнымі ўсе выбары ў Беларусі пасля 1994 году, назіральнікі ад СНД заўжды прызнаюць беларускія выбары свабоднымі і дэмакратычнымі. Назіральнікі БДІПЧ заяўлялі, што місія СНД не мае выразных мэтодыкаў назірання, а «іх высновы — гэта збольшага толькі меркаванні гэтых палітычных дзеячоў, парламентарыяў і дыпламатаў, якія маюць свае інтарэсы».
Уладзімір Лабковіч: Рашэнне не запрашаць назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ — палітычнае