Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ не прыедуць на выбары ў Беларусь

Парламенцкая асамблея АБСЕ не зможа накіраваць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь, паведаміў TUT.BY кіраўнік камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.

Дэпутат падкрэсліў, што беларускія парламентарыі зацікаўленыя ў тым, каб запрасіць на выбары калег.

"Але Парламенцкая асамблея АБСЕ ўжо сказала, што не зможа накіраваць сваіх назіральнікаў. Гэта звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй", — растлумачыў Савіных.

Пытанне з прысутнасцю міжнародных назіральнікаў вырашалася да апошняга. У сярэдзіне чэрвеня кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына пасля нарады ў Прэзідэнта заявіла, што Беларусь пачне запрашаць міжнародных назіральнікаў пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.

Крыху пазней кіраўнік МЗС Уладзімір Макей сказаў, што Беларусь усё яшчэ не адмаўляецца ад запрашэння міжнародных назіральнікаў, але будзе глядзець на эпідэміялагічную сітуацыю.

Міжнародныя назіральнікі, як правіла, пасля кожных выбараў у Беларусі пазначаюць на шэраг парушэнняў падчас кампаніі. Напрыклад, назіральнікі ад АБСЕ ўжо не раз крытыкавалі практыку масавага датэрміновага галасавання на выбарах у Беларусі за немагчымасць забяспечыць паўнавартасны кантроль за змесцівам бюлетэняў і факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры арганізацыі датэрміновай яўкі.

Пасля парламенцкіх выбараў у 2016 годзе АБСЕ выдала 32 рэкамендацыі, як зрабіць выбары ў Беларусі больш сумленна, але ЦВК іх у поўным памеры так і не ўлічыў. Пасля парламенцкіх выбараў у мінулым годзе назіральнікі ад АБСЭ заявілі, што парламенцкія выбары ў Беларусі прадэманстравалі "поўную адсутнасць захавання дэмакратычных абавязацельстваў". Еўрасаюз назваў мінулыя выбары "страчанай магчымасцю".

Выбары-2019: Пяць асноўных высноваў міжнародных назіральнікаў

Пасля выбараў, 18 лістапада, на прэс-канферэнцыі міжнародных назіральнікаў БДПІЧ АБСЕ, ПА АБСЕ, ПАСЕ за выбарамі ў Беларусі былі зроблены папярэднія высновы і заключэнні па правядзенні парламенцкіх выбараў. Што гэта за высновы?

Пры гэтым, па дадзеных ЦВК па стане на 6 ліпеня ўжо акрэдытавана 33 579 нацыянальных назіральнікаў на прэзідэнцкія выбарах. Абсалютная большасць, амаль 80%, прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні. З іх прафесійнымі саюзамі са складу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі вылучана 8 059 чалавек, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі — 5 334, РГА "Белая Русь — 4 326, Беларускім грамадскім аб'яднаннем ветэранаў — 3 397, Беларускім саюзам жанчын — 3 005, Беларускім фондам свету — 1 220, Беларускім Хельсінкскім Камітэтам — 47, грамадскім аб'яднаннем БНФ "Адраджэнне" — адзін. Іншыя грамадскія аб'яднанні прадстаўляюць 1 454 чалавекі.

Ад палітычных партый выбаркамы акрэдытавалі 1 111 нацыянальных назіральнікаў.

3 913 грамадзян сталі назіральнікамі шляхам падачы адпаведнай заявы ад свайго імя, 1712 назіральнікаў былі акрэдытаваныя ад працоўных калектываў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары