Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Уладзімір Лабковіч: Рашэнне не запрашаць назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ — палітычнае

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сераду, 15 ліпеня, стала вядома, што назіральнікі Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) упершыню не прыляцяць у Беларусь на выбары, бо не атрымалі запрашэнне ад МЗС. Як паведаміла дырэктарка БДІПЧ АБСЕ адсутнасць афіцыйнага запрашэння не дазваляе ім назіраць за ходам выбарчага працэсу непасрэдна ў краіны. Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч лічыць такое рашэнне беларускіх уладаў палітычным, ніяк не звязаным з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне і ў свеце.

"Гэта яшчэ больш абвострыць міжнародную крытыку дзеянням улады ў час гэтай кампаніі"

"Наша кампанія з самага пачатку казала пра пагрозу адсутнасці міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах. Раней улады накіроўвалі запрашэнне амаль напачатку кампаніі, што дазваляла Офісу БДІПЧ накіроўваць у час збору подпісаў першасную тэхнічную місію, а затым разгортваць штаб і з моманту рэгістрацыі кандыдатаў пачыналі працу рэгіянальныя доўгатэрміновыя назіральнікі. А з моманту пачатку датэрміновага галасавання — і кароткатэрміновыя. Так было заўсёды да гэтай кампаніі. Рашэнне не запрашаць назіральнікаў — гэта палітычнае рашэнне. Відавочна, сітуацыя з эпідэміяй не перашкаджала запрасіць міжнародных назіральнікаў, пакінуўшы ім права самім вызначаць магчымасці і фармат місіі ва ўмовах пандэміі. Такі крок сведчыць, што дзяржава праігнаравала свае абавязальніцтвы як чалец АБСЕ, а ўлады ўзялі крок на міжнародную ізаляцыю. Гэта будзе мець негатыўныя наступствы і яшчэ больш абвострыць міжнародную крытыку дзеянням улады ў час гэтай кампаніі. Нажаль спачатку ўлады праігнаравалі рэкамендацыі міжнароднай місіі БДІПЧ на мінулых выбарах, а зараз зрабілі немагчымымі ўмовы правядзення паўнавартаснага міжнароднага назірання", — каментуе сітуацыю каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч.

"Мы спадзяемся, што ўлады ўстрымаюцца ад пераследу нацыянальных назіральнікаў"

"У такой сітуацыі вельмі ўзрастае роля незалежнага грамадскага назірання ўнутры краіны. У сваю чаргу, мы вельмі спадзяемся, што ўлады ўстрымаюцца ад пераследу нацыянальных назіральнікаў, а таксама створаць усе ўмовы для магчымасці назіраць усе застаўшыяся этапы кампаніі, асабліва за галасаваннем і падлікам галасоў на ўчастках. Вельмі важна каб нацыянальныя назіральнікі без пагрозаў, перашкодаў і пераследу маглі ажыццяўляць назіранне", — адзначае Уладзімір Лабковіч.

Нагадаем, не будуць прысутнічаць на гэтай выбарчай кампаніі ў Беларусі і назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ. 

Назіральнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ не прыедуць на выбары ў Беларусь

Парламенцкая асамблея АБСЕ не зможа накіраваць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь, паведаміў TUT.BY кіраўнік камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары