Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ ўпершыню не прыляцяць у Беларусь на выбары — не атрымалі запрашэнне ад МЗС

Інгіб'ёрг Сальрун Гісладоцір. Фота з twitter.com
Інгіб'ёрг Сальрун Гісладоцір. Фота з twitter.com

Дырэктарка Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) праінфармавала МЗС Беларусі аб тым, што адсутнасць запрашэння ад афіцыйнага Мінска не дазваляе БДІПЧ назіраць за ходам выбарчага працэсу. Пра гэта паведамляе TUT.BY.

— Адсутнасць своечасовага запрашэння больш чым праз два месяцы пасля абвяшчэння выбараў не дазволіла БДІПЧ назіраць за ключавымі аспектамі выбарчага працэсу, — заявіла дырэктарка БДІПЧ Інгіб'ёрг Сальрун Гісладоцір. — Да іх адносяцца вобласці, якія мы адзначылі ў апошніх справаздачах аб назіранні, як тыя, што патрабуюць паляпшэння ў Беларусі, такія як фармаванне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў. З вынікаў гэтых працэсаў відаць, што ўлады не распачалі ніякіх крокаў па павышэнні іх інклюзіўнасці.

Пасля ўспышкі пандэміі каранавіруса БДІПЧ прыклала ўсе намаганні для выканання свайго мандата па назіранні за выбарамі і праводзіла назіранне ў некалькіх краінах, паколькі абмежаванні на паездкі былі шырока знятыя. Адсутнасць своечасовага запрашэння ў такой складанай сітуацыі, падкрэсліла дырэктарка, адлюстроўвае адсутнасць абавязацельстваў па супрацоўніцтве з назіральнікамі за выбарамі ад БДІПЧ, як гэта прадугледжана абавязацельствамі АБСЕ.

У той жа час Гісладоцір таксама паўтарыла сваю глыбокую занепакоенасць паведамленнямі аб тым, што патэнцыйных кандыдатаў запалохвалі, а актывістаў арыштоўвалі.

— Абарона асноўных свабодаў сходаў і выказвання меркаванняў з'яўляецца папярэдняй умовай для правядзення сапраўды дэмакратычных выбараў, — сказала яна.

Дырэктарка БДІПЧ заклікала ўлады распачаць канкрэтныя і неадкладныя крокі для абароны ажыццяўлення асноўных свабодаў у Беларусі.

Нагадаем, напярэдадні прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз заявіў, што Беларусь прыме "рашэнне аб запрашэнні назіральнікаў у належныя тэрміны з улікам развіцця эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краіне і рэгіёне ў цэлым".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары