Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Прапагандуе дыскрымінацыю жанчын”. Праваабаронца просіць ЦВК і пракуратуру прыняць меры з-за выступу Лукашэнкі

Праваабаронца “Вясны”, назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” са Светлагорску Алена Маслюкова падала заяву ў Цэнтрвыбаркам і пракуратуру на дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку за выказванне "Канстытуцыя не пад жанчыну" на МТЗ. 

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. Фота: spring96.org

Нагадаем, падчас сустрэчы з работнікамі Мінскага трактарнага завода Аляксандр Лукашэнка сказаў наступнае: "У нас канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай". Таксама Лукашэнка заявіў, што Беларусь — гэта не Літва, дзе "Даля Грыбаўскайтэ прыйшла, паўсміхалася, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвала, таму што Літва — парламенцкая рэспубліка".

Назіральніца Алена Маслюкова адзначае ў сваіх зваротах, што Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх міжнародных пагадненняў у сферы правоў чалавека, у тым ліку Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Але, на жаль, беларускія ўлады не імкнуцца выконваць узятыя на сябе абязальніцтвы.

Праваабаронца звяртае ўвагу, што ў Канстытуцыі Беларусі дэклараваныя правы чалавека, у тым ліку права быць абраным, не падзелена па гендэрнай прыкмеце, яны роўныя для ўсіх.

“Лічу дадзенае выказванне прыніжаючым мае гонар і годнасць як жанчыны і грамадзянкі Рэспублікі Беларусь”, адзначае ў зваротах Алена Маслюкова.

Як праваабаронца абгрунтавала звароты ў ЦВК і пракуратуру?

На думку Алены Маслюковай, выступ Аляксандра Лукашэнкі на Мінскім трактарным заводзе насіў відавочны агітацыйны характар. Акрамя гэтага, ягоныя словы з’яўляюцца дыскрымінацыйнымі ў дачыненні да жанчын.

Праваабаронца патрабуе ЦВК вынесці прэтэндэнту ў кандыдаты ў прэзідэнты Лукашэнку папярэджанні па абодвух фактах і зняць яго з рэгістрацыі, як асобу, якая парушае заканадаўства і прапагандуе дыскрымінацыю жанчын.

Падобную заяву назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” накіравала і ў пракуратуру Светлагорскага раёна. Яна патрабуе, каб мясцовы пракурор А.П. Яўсеенка прыняў адпаведныя меры па фактах парушэння выбарчага заканадаўства. Праваабаронца адзначыла ў звароце ў пракуратуру, што кіраўнік дзяржавы такімі выступамі і словамі “прапагандуе дыскрымінацыю жанчын”.

Чаму праваабаронца вырашыла паскардзіцца на словы Лукашэнкі?

“Гэты выступ Лукашэнкі на МТЗ мяне ўзбурыў і абразіў як жанчыну, як праваабаронцу, як грамадзянку Беларусі. Я не лічу сябе нейкай другасортнай асобай. Я маю гонар і годнасць, і маю намер іх бараніць ад асобаў, якія відавочна здзяйсняюць дыскрымінацыю па гендэрнай прыкмеце. Такія выступы ў цывілізаванай прававой дзяржаве ў прынцыпе непрымальныя, тым больш з вуснаў чалавека, які кіруе дзяржавай. У дзяржаве, дзе пануе менавіта закон, гэтага чалавека прыцягнулі бы да адказнасці адразу.

Мяне, па шчырасці, здзіўляе факт, што наш народ даруе гэтаму чалавеку ўсе яго абразы. Напэўна, таму, што мы самі сябе пераконваем у тым, што абразіў ён не нас асабіста, а так кагосьці іншых. Не, спадарства, калі кожны раз гэты дзяржаўны чыноўнік пачынае абразліва выказвацца, ён выказваецца пра кожнага і кожную з нас асабіста. Такое дараваць нельга ні ў якім разе”, пракаментавала свае звароты Алена Маслюкова.

Таксама праваабаронца дадала, што ў сусветнай практыцы ёсць шмат прыкладаў “значна больш паспяховага дзяржаўнага кіравання, якое ажыццяўлялі жанчыны,  у параўнанні з тым, што мела Беларусь напрацягу 26 год”.

На Лукашэнку ўжо падалі чатыры заявы ў ЦВК і тры ў пракуратуру. Усе за парушэнне выбарчага заканадаўства

Алена Маслюкова ўжо паскардзілася ў пракуратуру з-за выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу для збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, таму што ёй сталі вядомыя факты ціску і прымусу ставіць подпісы за дзеючага прэзідэнта. Яна патрабуе правесці праверку.

Светлагорск: Назіральніца паскардзілася ў пракуратуру на выкарыстанне адмінрэсурсу

Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” са Светлагорску Алена Маслюкова паскардзілася ў паркуратуру на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для збора подпісаў у падтрымку дзеючага прэзідэнта.

Гэта ўжо чацвертая заява ў ЦВК і трэцяя ў пракуратуру на парушэнні вылучэнцам Аляксандрам Лукашэнкам  выбарчага заканадаўства.

1 чэрвеня заяву ў ЦВК аб парушэнні заканадаўства на выбарах падаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Ён таксама прапаноўваў ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі ў выніку разгляду звароту будуць выяўленыя парушэнні заканадаўства. Таксама са скаргай у ЦВК звярнулася жыхарка Мінску на выказванне дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб "Канстытуцыі не пад жанчыну".

Днямі ў ЦВК і пракуратуру звярнулася Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП). Яе прадстаўнікі запатрабавалі ад Цэнтравыбаркаму вынесці папярэджанне Аляксандру Лукашэнку, які балатуецца на шосты тэрмін, «за арганізацыю правакацый» і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

На вылучэнца Лукашэнку пададзеная ўжо трэцяя заява ў ЦВК

Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) запатрабавала ад Цэнтравыбаркаму вынесці папярэджанне Аляксандру Лукашэнку, які балатуецца на шосты тэрмін, «за арганізацыю правакацый» і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, піша "Радыё Свабода". Заява палітычнай рады партыі апублікаваная на сайце АГП.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары