Светлагорск: Назіральніца паскардзілася ў пракуратуру на выкарыстанне адмінрэсурсу
Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” са Светлагорску Алена Маслюкова паскардзілася ў паркуратуру на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для збора подпісаў у падтрымку дзеючага прэзідэнта.
Цягам мінулага тыдня Алена атрымала некалькі паведамленняў наконт таго, што на прадпрыемствах горада, а менавіта на РУП ВА “Хімвалакно”, Вышкамантажным упраўленні, Цэлюлозна-картонным камбінаце адбываецца ціск на патэнцыйных выбаршчыкаў, работнікаў дадзеных прадпрыемстваў. Іх прымушаюць ставіць подпіс за прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку.
Таксама ёй паведамілі, што старшыня Светлагорскай раённай выбарчай камісіі Канстанцін Пятроўскі ездзіў па прадпрыемствах горада, і пасля яго візітаў пачынаўся прымус падпісвацца за Лукашэнку.
Алена Маслюкова лічыць, што такая сітуацыя з’яўляецца недапушчальнай. Згодна часткі 10 артыкула 61 Выбарчага кодэкса ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, раўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу, не дапускаецца. Парушэнне гэтых патрабаванняў мажа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі ці адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты.
Назіральніца просіць пракуратуру Светлагорскага раёна правесці праверку па названых фактах.