На вылучэнца Лукашэнку пададзеная ўжо трэцяя заява ў ЦВК
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) запатрабавала ад Цэнтравыбаркаму вынесці папярэджанне Аляксандру Лукашэнку, які балатуецца на шосты тэрмін, «за арганізацыю правакацый» і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, піша "Радыё Свабода". Заява палітычнай рады партыі апублікаваная на сайце АГП.
Як сцвярджаецца ў заяве, 29 траўня падчас выступу на МТЗ у Мінску Аляксандр Лукашэнка апісаў сцэнар, паводле якога праз некалькі гадзін арганізавалі правакацыю «з удзелам людзей у форме супрацоўнікаў міліцыі» супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і яго каманды ў Горадні.
«Гэта сведчыць аб тым, што правакацыя была падрыхтаваная загадзя, а Аляксандру Лукашэнку былі вядомыя яе дэталі. Аляксандар Лукашэнка сам балатуецца ў прэзідэнты, з'яўляецца зацікаўленай асобай, пры гэтым не грэбуе наладжваць правакацыі супраць сваіх апанэнтаў», — піша АГП.
Аб’яднаная грамадзянская партыя звярнулася таксама з заявай у Генеральную пракуратуру і Міністэрства унутраных справаў. Ад іх яны патрабуюць:
- знайсці і прыцягнуць да адказнасці ўсіх удзельнікаў і арганізатараў правакацыі,
- прыцягнуць да адказнасці кіраўніцтва Упраўленьня ўнутраных спраў Гродна за незаконнае затрыманне ўдзельнікаў збору подпісаў і ўтрыманне іх пад вартай.
Ад Цэнтральнай выбарчай камісіі:
- абвясціць Аляксандру Лукашэнку папярэджанні: за выкарыстанне службовых паўнамоцтваў у працоўны час у мэтах перадвыбарчай агітацыі, прыкладам якой быў ягоны выступ на трактарным заводзе; за арганізацыю правакацый супраць сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай,
- забяспечыць роўныя ўмовы для выступаў на дзяржаўных прадпрыемствах, у дзяржаўных арганізацыях і ўстановах, а таксама на экранах і старонках дзяржаўных СМІ для ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты,
- адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.
Затрыманыя па крымінальнай справе за гвалт да міліцыянтаў застаюцца пад вартай. Ідуць вобшукі
Нагадаем, гэта ўжо трэцяя заява на Аляксандра Лукашэнку ў Цэнтрвыбаркам на ягоныя парушэнні падчас выбарчай кампаніі. 1 чэрвеня заяву ў ЦВК аб парушэнні заканадаўства на выбарах падаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Ён таксама прапаноўваў ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі ў выніку разгляду звароту будуць выяўленыя парушэнні заканадаўства. Таксама са скаргай у ЦВК звярнулася жыхарка Мінску на выказванне дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб "Канстытуцыі не пад жанчыну".
Бабарыка звярнуўся ў ЦВК па факту парушэнняў падчас выбарчай кампаніі
За выказванне пра "Канстытуцыю не пад жанчыну" на Лукашэнку паскардзіліся ў ЦВК