Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

За выказванне пра "Канстытуцыю не пад жанчыну" на Лукашэнку паскардзіліся ў ЦВК

Жыхарка Мінска Ксенія Фёдарава звярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію са скаргай на выказванне дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб "Канстытуцыі не пад жанчыну", піша "Радыё Свабода".

Нагадаем, падчас сустрэчы з работнікамі Мінскага трактарнага завода Аляксандр Лукашэнка сказаў наступнае: "У нас канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай". Таксама Лукашэнка заявіў, што Беларусь — гэта не Літва, дзе "Даля Грыбаўскайтэ прыйшла, паўсміхалася, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвала, таму што Літва — парламенцкая рэспубліка".

Мінчанка лічыць выказванне Лукашэнкі абразлівым і для сябе, і для памяці продкаў, і для ўсіх сучасных дзяўчат і жанчын краіны. Зварот у ЦВК яна назвала сваім грамадзянскім абавязкам.

У звароце, тэкст якога Фёдарава прывяла ў каментары да допісу ў фэйсбуку, яна нагадвае, што Канстытуцыя Беларусі дае жанчынам і мужчынам роўныя правы, ніяк не забараняе жанчынам прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, Беларусь удзельнічае ў большасьці міжнародных інструмэнтаў абароны правоў чалавека, у тым ліку Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын. Праз гэта, піша Фёдарава, існаванне «закону не пад жанчыну» наўпрост супярэчыць і міжнароднаму статусу, і абавязкам рэспублікі.

Да таго ж, заяўляе яна, выступам на МТЗ 28 траўня Аляксандар Лукашэнка парушыў забарону на агітацыю, якая трывае да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. За гэта і за выказванне пра жанчын яна просіць ЦВК вынесці Лукашэнку два асобныя папярэджанні.

На гэтае выказванне дзейнага прэзідэнта паскардзіўся ў ЦВК 1 чэрвеня і вылучэнец Віктар Бабарыка.

На што яшчэ паскардзіўся ў ЦВК Віктар Бабарыка?

Бабарыка звярнуўся ў ЦВК па факту парушэнняў падчас выбарчай кампаніі

Вылучэнец у кандыдаты Віктар Бабарыка падаў у ЦВК зварот аб фактах парушэння заканадаўства падчас выбарчай кампаніі. Да іх ён аднёс прымус падпісвацца за дзейнага прэзідэнта, абразы прэтэндэнтаў у кандыдаты Аляксандрам Лукашэнкам і супрацьпраўныя дзеянні супраць сябраў ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары