Справаздача па маніторынгу агітацыйнага пікету 30 ліпеня ў Мінску
30 ліпеня ў Мінску ў Парку Дружбы народаў адбыўся агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай.
Высновы:
- Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
- На працягу мірнага сходу атсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, бо яны былі ў цывільным адзенні, без ідэнтыфікацыйных знакаў.
- Мірны сход праводзіўся ў межах выбарчага заканадаўства.
- Перашкодаў у працы СМІ і назіральнікаў не зафіксавана.
- Затрыманняў удзельнікаў і арганізатараў не зафіксавана.
- У большасці выпадкаў пропуск і дагляд людзей былі хуткімі, эфектыўнымі і прапарцыйнымі. Пры гэтым адзначана адсутнасць аднастайных правілаў праносу вадкасцей. У цэлым можна адзначыць прафесійную працу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
- Меры па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі прымаліся не ў дастатковай ступені.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўку анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.
Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.
Папярэдняя інфармацыя
У Беларусі з 15 ліпеня пачаўся перыяд перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Згодна з Выбарчым кодэксам, кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь праводзяць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на сходах або ў іншай зручнай для выбаршчыкаў форме. Мінгарвыканкамам вызначаныя шэсць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у межах перадвыбарчай агітацыі, у цэлым, па ўсёй краіне месцы для агітацыі малалікія і не зручныя. Мірныя сходы праводзяцца па заяўнаму прынцыпу, і арганізатары не аплачваюць паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку, мэдычных і камунальных службаў.
28 ліпеня Святлана Ціханоўская і аб’яднаны штаб абвясцілі аб правядзенні мітынга 30 ліпеня ў мінскім Парку дружбы народаў. Былі анансаваныя выступы, а таксама музычная праграма. Арганізатары заклікалі людзей далучацца і правесці самы шматлікі мітынг. 29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманне пад Мінскам групы баевікоў з расійскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра. Усе кандыдаты ў прэзідэнты былі тэрмінова запрошаны ў ЦВК на сустрэчу з Л. Ярмошынай раніцай 30 ліпеня. Пасля сустрэчы сакратар Савета Бяспекі Андрэй Раўкоў паведаміў, што на свабодзе ўсё яшчэ знаходзіцца да 200 баевікоў, вывучаных падрыўной і снайперскай дзейнасці, ў сувязі з чым на масавых мерапрыемствах могуць быць правакацыі. Раўкоў папярэдзіў, што на масавых мерапрыемствах будуць узмоцнены меры бяспекі. Раніцай 30 ліпеня парк Дружбы народаў быў абнесены металічнымі агароджамі.
Падчас правядзення сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль дзевяць назіральнікў/-ніц, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.
Ход мірнага сходу
Назіральнікі/-цы праводзілі маніторынг мірнага сходу з 17:30 да 20:30.
Падчас маніторынгу асноўная ўвага была нададзена падліку ўдзельнікаў/-ніц мітынга. Падлік ажыццяўляўся 8 асобнымі людзьмі каля абсталяваных пунктаў пропуска, з фіксацыяй дадзеных кожныя 15 хвілін. Фіксаваліся толькі людзі, якія ўваходзілі на мітынг. На месцы мітынга назіраліся праблемы з інтэрнэт-злучэннем, таму звесткі пра колькасць ўдзельнікаў/-ніц не абнаўляліся анлайн, і канчатковы падлік быў падведзены пасля сканчэння назірання. На пачатак падліку ўнутры агароджы знаходзілася не менш за 1550 чалавек. Да часу сканчэння падліку за агароджамі знаходзілася не менш за 8130 чалавек. Гэтыя звесткі былі суміраваныя з лічбамі ўліку на пунктах пропуску. Усяго праз пункты пропуску прайшло не менш за 53 251 чалавек. Такім чынам, можна зрабіць выснову аб тым, што на мітынг прыйшло не менш за 62 931 чалавек.
Перыметр парка быў абмежаваны металічнымі перанаснымі агароджамі. Вайсці і выйсці з/на мерапрыемства можна было толькі праз пункты пропуска і дагляда (было арганізавана 13 такіх пунктаў). На кожным пункце дагляда знаходзіліся супрацоўнікі/-цы ў форме “Міліцыя”, а таксама людзі ў камізэльках “Бяспека/Security”, якія ажыццяўлялі дагляд з выкапыстаннем ручных металадэтэктараў. У працэдуру таксама ўваходзлі: агляд сумак, персанальных рэчаў і персанальны дагляд. Людзей абмацвалі рукамі, прасілі адкрыць сумкі, ў некаторых выпадках самі рукамі краналі рэчы ў сумках. Пры дагляданні выконвалася раздзяленне па гендэры. Адсутнічала аднастайнасць ў дагляданні: напрыклад, вадкасці ў тары менш за 0,5 літра ў большасці выпадкаў дазвалялі да праносу, але не на ўсіх пунктах пропуску. Не прапускалі людзей з роварамі, пры гэтым адсутнічала арганізаваная паркоўка. Супрацоўнікі/-цы міліцыі перанакіроўвалі людзей у розныя пункты пропуска для памяншэння чэргаў.
Не зафіксавана дадатковых мераў для прафілактыкі распаўсюду каранавіруснай інфекцыі. Частка супрацоўнікаў праваахоўных органаў знаходзілася без масак (для твару). Да ўдзельнікаў не прад’яўляліся патрабаванні па нашэнні масак і/ці вытрымліванні дыстанцыі.
Цэнзура сімволікі і плакатаў супрацоўнікамі/-цамі органаў унутраных спраў не ажыццяўлялася. Выступоўцы заклікалі ўдзельнікаў сходу не высказваць некарэктныя, абразлівыя лозунгі.
На месцы правядзення і вакол яго знаходзіўся спецтранспарт праваахоўчых органаў, а таксама транспарт для перавозкі супрацоўнікаў/-ніц. Адзначана не менш за 345 супрацоўнікаў/-ніц у форме і не менш за 25 у цывільнай форме адзення.
Мітынг доўжыўся да 22:00, затрыманняў не зафіксавана.
Рэкамендацыі
Супрацоўнікам/-цам праваахоўных органаў:
- ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас агітацыйных пікетаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
- прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/-цамі мірных сходаў;
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.
Мінгарвыканкаму:
- дазволіць правядзенне сходаў для перадвыбарчай агітацыі ва ўсіх зручных месцах горада, па прыкладу выбарчых кампаній 2015 і 2019 гадоў.
Арганізатарам, Мінгарвыканкаму і ГУУС Мінгарвыканкама:
- арганізаваць паркоўку для ровараў і камеры захоўвання, абсталяваць месца правядзення сходу сметніцамі;
- прымаць меры па прафілактыцы распаўсюду каранавіруснай інфекцыі.