Фрунзенскі раён: Рэйтынг інклюзіўнасці памяшканняў для агітацыйных сустрэч з выбаршчыкамі
Заўтра, 14 ліпеня, адбудзецца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Аднак часу зарэгістраваным кандыдатам агітаваць за сваю кандыдатуру застаецца менш за месяц. На бягучай выбарчай кампаніі беларускія ўлады значна скарацілі колькасць месцаў, памяшканняў для агітацый, а тыя якія засталіся — не ўсе прыдатныя для гэтых мэтаў з-за сваёй маланаведвальнасці, дрэннай транспартнай даступнасці і шэрагу іншых прычын.
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка правёў маніторынг памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі ў Фрунзенскім раёне Мінска. Галоўны крытэрый ацэнкі дадзеных памяшканняў — адпаведнасць патрабаванням безбар'ернага асяроддзя. Менавіта гэты прыкмета вызначана ў якасці галоўнага патрабавання на паседжанні Фрунзенскай раённай камісіі па выбарах, на якім ўзгадняліся месцы для перадвыбарчых сходаў у памяшканнях. Згодна з Рашэннем Мінгарвыканкама ў Фрунзенскім раёне Мінска выдзелена восем актавых залаў навучальных установаў для агітацыйных сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі. У параўнанні з выбарчай кампаніяй 2015 года колькасць месцаў для сходаў скарацілася амаль у сем разоў (з 54 да 8).
Публікуем рэйтынг памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі ў Фрунзенскім раёне ад найлепшага да горшага, а таксама высновы назіральніка аб тым, ці сапраўды ўсе памяшканні адпавядаюць патрабаванням безбар'ернага асяроддзя, як гэта сцвярджаў на паседжанні Фрунзенскага выбаркама старшыня Аляксандр Хіжняк.
1. Актавая зала ДУА "Сярэдняя школа № 59 г. Мінска" (вул. Лідская, 8)
Плюсы:
- абсталяваны спуск да прылеглай да школы тэрыторыі;
- добра абсталяваны пандус;
- таблічка для вазочнікаў з нумарам тэлефона для выкліку персаналу ў зоне бачнасці.
2. Актавая зала ДУА "Сярэдняя школа № 199 г. Мінска" (вул. П.Панченкі, 32)
Плюсы:
- безбар'ерны праезд на тэрыторыю школы;
- безбар'ерны праезд у будынак школы;
- наяўнасць пандуса.
3. Актавая зала ДУА "Гімназія № 43 г. Мінска" (вул. Казіміраўская, 5)
Плюсы:
- безбар'ерны праезд на тэрыторыю школы;
- добра абсталяваны пандус;
Мінус:
- нумар тэлефона для выкліку персаналу для дапамогі вазочніку знаходзіцца па-за зонай бачнасці.
4. Актавая зала ДУА "Гімназія № 33 г. Мінска" (вул. Шаранговіча, 42)
Плюсы:
- безбар'ерны праезд на тэрыторыю школы;
- добра абсталяваны пандус;
Мінус:
- адсутнічае якая-небудзь інфармацыя аб магчымасці выклікаць персанал.
5. Актавая зала ДУА "Сярэдняя школа № 99 г. Мінска" (вул. Берута, 13)
Плюс:
- добра абсталяваны пандус;
- маецца плыўны пад'ём на прылеглую тэрыторыю;
Мінус:
- з левага боку школы пад'ём не прыстасаваны для вазочнікаў і не ўтрымлівае інфармацыі аб магчымасці выкліку персаналу або неабходнасці праехаць 150 метраў да плыўнага ўздыму на прылеглую тэрыторыю;
- далёкае размяшчэнне ад прыпынку грамадскага транспарту.
6. Актавая зала ДУА "Гімназія № 31 г. Мінска" (вул. Мазурава, 6)
Плюсы:
- наяўнасць двух пандусаў за будынкам школы;
- наяўнасць безбар'ернага праезду да школы з боку жылога мікрараёна "Чырвоны бор";
- прыдатнае для выкарыстання вазочнікамі прыстасаванне безбар'ернага асяроддзя;
Мінусы:
- лесвіца для ўздыму на тэрыторыю школы з боку праезнай часткі не абсталяваная прыстасаваннем для ўздыму вазочніка і не ўтрымлівае інфармацыі аб неабходнасці праехаць дадатковыя 100 метраў для заезду на тэрыторыю школы праз праезд для аўтамабіляў, ад якога ідзе плаўны безбар'ерны ўздым да будынка гімназіі;
- бліжэйшы прыпынак грамадскага транспарту знаходзіцца далёка. У сукупнасці з вядучымі рамонтнымі працамі праезд ад прыпынку транспарту для вазочніка істотным чынам абцяжараны.
7. Актавая зала ДУА "Сярэдняя школа № 125 г. Мінска" (вул. Жудро, 15)
Плюсы:
- наяўнасць абсталяванага пандуса;
- безбар'ерны праезд на тэрыторыю школы;
Мінусы:
- вазочнік можа патрапіць на тэрыторыю школы толькі з аднаго боку (маецца безбар'ерны праезд да прылеглай тэрыторыі), усе астатнія пад'езды да школы абсталяваны непрыдатнымі лесвіцамі для пад'ёма вазочніка. Каб трапіць на тэрыторыю школы без выкарыстання лесвіцы прыйдзецца праехаць каля 700 метраў праехаць;
- школа знаходзіцца ў старым мікрараёне, аддаленым ад прыпынку грамадскага транспарту.
8. Актавая зала ДУА "Сярэдняя школа № 201 Г. Мінска" (вул. Кунцаўшчына, 20)
Плюс:
- безбар'ерны праезд на тэрыторыю школы;
Мінус:
- непрыдатны для выкарыстання вазочнікамі пад'ёмнік;
- адсутнічае якая-небудзь інфармацыя аб магчымасці выклікаць персанал для дапамогі вазочніку;
- прыпынкі грамадскага транспарту размяшчаюцца досыць далёка.
Выснова — 25% месцаў маладаступны для вазочнікаў
"Як мы бачым, адна з васьмі школ не мае нармальнага прыстасавання для калясачнікаў наогул, адна мае каля школы, але каб патрапіць да самой школы вазочніку трэба зрабіць вялікі круг прыкладна ў кіламетр — наваколлі не прыстасаваныя, мікрараён стары (школа №125). Атрымліваецца, што 25% месцаў у Фрунзенскім раёне, якія ўлады выдзелілі кандыдатам для сустрэч з выбаршчыкамі, для вазочнікаў маладаступныя.
Думаю, што перш чым вызначаць месцы для агітацыі, і сцвярджаць потым, што абсалютна ўсе яны адпавядаюць патрабаванням безбар'ернага асяроддзя, я б праводзіў эксперымент: браў сярэднестатыстычнага чыноўніка гадоў сарака, садзіў яго ў вазок для людзей з інваліднасцю і ў якасці эксперыменту прапаноўваў бы патрапіць ў будынак, напрыклад, школы №201 на Кунцаўшчыне, 20, якое не тое што не мае нармальнага прыстасавання, там нават няма ў зоне бачнасці аб'явы, па якім нумары можна патэлефанаваць, каб чалавеку дапамаглі патрапіць на ганак школы. Менавіта так, і ніяк інакш. Сорамна павінна быць за крывадушнасць і хлусню аб тым, што менавіта ўсе месцы адпавядаюць патрабаванням безбар'ернага асяроддзя", — каментуе сітуацыю назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка.
Чытаць таксама па тэме:
У самым вялікім раёне Мінска вылучылі адно месца для вулічнай агітацыі – стары сквер