Што можна зрабіць, каб месцаў для перадвыбарчай агітацыі стала болей? Каментарый эксперта
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пад час сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў адзначаюць рэзкае скарачэнне месцаў для правядзення перадвыбарчай агітацыі ў параўнанні з мінулымі выбарамі.
Аналіз месцаў для агітацыі будзе зроблены аналітыкамі кампаніі ў чарговай тыднёвай справаздачы, але ўжо зараз відавочна, што такія рашэнні мясцовых органаў улады сур’езна абмяжоўваюць як правы патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты, так і правы выбаршчыкаў, якія ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам маюць права ўдзельнічаць у агітацыі на сходах і мітынгах.
Тэндэнцыю па абмежаванні магчымасцяў для агітацыі каментуе эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Дзмітрый Чарных:
“З інфармацыі, якую мы ўжо зараз назіраем, бачна, што колькасць месц для правядзення агітацыі знізілася ў некалькі разоў у параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі. Тут варта нагадаць, што рашэнні аб месцах правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў былі прынятыя насуперак рэкамендацыям ЦВК. У Дапаможніку для тэрытарыяльных выбарчых камісій ЦВК рэкамендаваў у якасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі вызначаць любыя месцы, не забароненыя для гэтага”.
У Берасці толькі два месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі і яны нязручныя
Згодна з Кіруючымі прынцыпамі АБСЕ па свабодзе мірных сходаў варта забяспечваць правядзенне сходаў у зоне бачнасці і чутнасці аўдыторыі. Абмежаванні, якія не маюць разумнага абгрунтавання, з’ўляюцца адвольнымі і супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.
“Мы бачым, што ў асноўным месцамі правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў вызначаныя паркі, скверы і іншыя месцы адпачынку грамадзян. Але ў той жа час мы чуем ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, што масавыя мерапрыемствы не павінны замінаць грамадзянам адпачываць, гуляць з дзецьмі і г.д.,” – адзначае Дзмітрый Чарных. – Незразумела, чаму такія абмежаванні былі прынятыя менавіта сёлета. Логіка неабходнасці абмежаванняў у сувязі з эпідэміяй COVID-19 таксама не працуе, бо, па-першае, ніхто ж у прынцыпе не забараняе масавыя мерапрыемствы ў краіне, па-другое, самі выканкамы не спасылаюцца на гэта: проста прымаецца рашэнне, што сёлета месцы агітацыя менавіта такія без аніякага абгрунтавання.“
Што можна зрабіць?
Дзмітрый Чарных прапаноўвае накіраваць звароты ў тыя выканкамы, якія вызначылі нязручныя месцы для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў, ці малую колькасць такіх месцаў, з просьбай пераглядзець дадзеныя рашэнні ў бок паляпшэння ўмоў для агітацыі.
Пад забаронай — амаль увесь горад. У Гародні агітаваць дазваляецца толькі ў двух парках
“Я прыгадваю практыку, калі па зваротах, у тым ліку назіральнікаў кампаніі, выканкамы мянялі свае рашэнні і пашыралі пералік месцаў для агітацыйных сходаў. Як будуць разгледжаны такія звароты сёлета цяжка сказаць, але лічу, што гэта варта рабіць, у тым ліку і камандам патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты” – кажа аналітык.
Па словах Чарных, рашэнні выканкамаў аб месцах для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў можна абскардзіць у судовым парадку. Так, згодна з арт. 59 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў, якiя абмяжоўваюць цi парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян могуць быць абскарджаны ў суд у адпаведнасці з Грамадзянскім працэсуальным кодэксам, калі заяўніком з’яўляецца грамадзянін, і ў адпаведнасці з Гаспадарчым працэсуальным кодэксам, калі заўяніком з’яўляецца юрыдычная асоба, напрыклад палітычная партыя ці іншае грамадскае аб’яднанне.
“Такія скаргі, на мой погляд, варта падаваць. У сувязі з тым, што яны тычацца непасрэдна выбараў і рэалізацыі выбарчых правоў, то суды павінны разгледзець такія скаргі ў максімальна кароткія тэрміны (па аналогіі з тэрмінамі для разгляду скаргаў на дзеянні выбарчых камісій – на працягу пяці дзён). У іншым выпадку (калі суды будуць разглядаць такія скаргі ў звычайным парадку – на працягу 2 месяцаў) можна казаць аб неэффектыўнасці судовай абароны”, — мяркуе Дзмітрый Чарных.