У Берасці толькі два месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі і яны нязручныя
На сайце Берасцейскага гарвыканкама размешчана рашэнне гарадскіх уладаў за нумарам 943 "Аб стварэнні ў горадзе Брэсце ўмоў для правядзення перадвыбарнай агітацыі падчас выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Згодна з дакументам, вызначаныя месцы для правядзення ў уведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетавання), якія арганізуюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь альбо іх даверанымі асобамі.
Такіх месцаў сёлета толькі два. У Ленінскім раёне г. Брэста – пляцоўка каля крамы «Еўраопт» па вуліцы Адамкаўскай, а ў Маскоўскім раёне – алея ля сцэнічнай пляцоўкі Парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў у мікрараёне “Усход”.
Пад час мінулых прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе месцаў для правядзення перадвыбарнай агітацыі было ў некалькі разоў болей. Так, мітынгі і пікеты ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы было дазволена ладзіць на пляцоўках побач з буйнымі гандлёвымі аб'ектамі, на пешаходнай вуліцы Савецкай, на набярэжнай Францыска Скарыны, стадыёнах фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Лакаматыў" і "Будаўнік", у парку імя Дружбы народаў.
Катастрафічна паменшылася магчымасць правядзення сустрэч кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх давераных асоб з выбаршчыкамі ў памяшканнях. Такіх месцаў вызначана толькі тры: Дом культуры чыгуначнікаў прадпрыемства "Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі", філіял Брэсцкага абласнога Палаца культуры па вул. Маскоўскай, 275, і Цэнтр культуры і вольнага часу па вул. Жукава.
Раней такія сустрэчы можна было праводзіць таксама і ў памяшканнях навучальных устаноў горада па дамоўленасці.
Цяпер кандыдатам у прэзідэнты больш складана будзе сумясціць свой графік, каб правесці сустрэчу з выбаршчыкамі, не перашкаджаючы адзін аднаму.