Пад забаронай — амаль увесь горад. У Гародні агітаваць дазваляецца толькі ў двух парках
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Гародні прааналізавалі месцы для агітацыі і сустрэч з выбаршчыкамі, якія былі вызначаны ў горадзе падчас бягучай прэзідэнцкай кампаніі. Спіс гэтых месцаў, па меркаванні назіральнікаў, у параўнанні з мінулымі выбарамі не настройвае на аптымістычны лад, а наадварот паказвае яшчэ большы забараняльны і абмежавальны характар дзеянняў уладаў.
Месцаў для агітацыі стала меней у 9,5 разоў
У 2015-м годзе, падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі ў Ленінскім раёне Гародні было вызначана 8 месцаў для правядзення агітацыі. У гэтым жа годзе вызначана толькі адно месца.
У 2015-м годзе ў Кастрычніцкім раёне Гародні было вызначана 11 месцаў. У гэтым годзе - толькі адно.
Праўда, і на мінулых выбарах сярод 19 прызначаных месцаў большасць былі на спортпляцоўках і стадыёнах школ і гімназій, якія месцяцца зусім не ў цэнтры горада, але ж колькасны паказчык гаворыць сам за сябе.
У 2020 годзе праводзіць агітацыю можна толькі ў Каложскім (Ленінскі раён) і ў Румлёўскім парках (Кастрычніцкі раён). І калі першы знаходзіцца ў адноснай блізкасці да цэнтра горада, то другі – амаль на ўскрайку.
Выснова пра тое, што ўлады спужаліся масавых сходаў людзей і таму заканадаўча зменшылі мажлівасць для сустрэч да мінімуму,напрошваецца сама сабой.
Памяшканні для сустрэч з кандыдатамі: было 19, стала 4
Гэтым годам па ўсім горадзе ўлады прадстаўляюць усяго 4 памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі, а ў 2015-м годзе іх было 19 (у Ленінскім - 8, у Кастрычніцкім – 11). З большага гэта былі актавыя залы ўстаноў адукацыі.
А што ў 2020-м годзе? Кандыдаты ў прэзідэнты змогуць сустракацца з гарадзенцамі ў Доме культуры прадпрыемства “Цветліт” ад “Беларускае таварыства глухіх”, у актавай зале корпуса №2 Гродзенскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу, актавай зале прафесійнага тэхналагічнага каледжу і ў актавай зале медыцынскага каледжу. Прычым толькі першае месца месціцца блізко да цэнтру, усе астатнія – у аддаленнасці.
Такім чынам, у параўнанні з мінулымі выбарамі, якія праваабаронцы не лічылі дэмакратычнымі і свабоднымі, на гэтых выбарах гарадзенскія ўлады пайшлі яшчэ далей шляхам змяншэння мажлівасцяў для свабоднай, адкрытай і масавай агітацыі.
Аналіз месцаў для агітацыі па ўсёй Гарадзенскай вобласці