Ці напішуць у “Гомельскай праўдзе” – праўду?
У друкаванай версіі газеты “Гомельская праўда” 23 чэрвеня выйшаў артыкул пад назвай “Актыўна ставілі подпісы”, у якім распавядаецца, як праходзіў збор подпісаў за вылучэненне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі 19 чэрвеня.
“Пікет прыцягваў увагу мінакоў, многія прыходзілі сем’ямі з маленькімі дзецьмі. Былі людзі самых розных узростаў: ад моладзі да пенсіянераў і ветэранаў. Гамельчукі актыўна ставілі подпісы за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі. Праз гадзіну пасля пачатку пікету чарга расцягнулася па абодва бакі праспекта Пабеды. Артысты спявалі патрыятычныя песні, а вядучыя прапаноўвалі жадаючым выказваць думкі пра развіццё краіны”, - адзначаецца ў артыкуле.
У выданні “Гомельскія ведамасці” таксама выйшаў артыкул прысвечаны апошняму дню па зборы подпісаў – “Праявіць грамадзянскую пазіцыю”. Журналісты наведалі пікет і “пацікавіліся ў жыхароў Гомеля, што заахвоціла іх прыйсці і якой яны бачаць краіну”.
У бліц-апытанні паўдзельнічалі людзі “як на падбор”: дырэктар Гомельскага хімзавода Дзмітрый Чарнякоў, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях “Гомсельмаша” і член “Белай Русі” Аляксандр Канапацкі, рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту Юры Кулажэнка, старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі завода “Гомсельмаш” Пётр Сітайла, член Прэзідыума Гомельскай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Аляксей Піманаў і намесніца старшыні Гомельскай раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" Таццяна Казачкова.
Асобна ў артыкуле падкрэсліваецца, што калі на пікеце, дзе збіралі подпісы ў падтрымку дзеючага прэзідэнта нібыта не было свабоднага месца, то на іншым пікеце каля цырка ў той жа час была лічаная колькасць людзей.
Цікава, што ў абодвух артыкулах выкарыстаны здымак, зроблены з аднаго і таго ж ракурса. А таксама і ў адным, і ў другім матэрыяле прыведзеныя словы Дзмітрыя Чарнякова.
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодоныя выбары” Віктар Адзіночанка адзначае, што гэта першыя публікацыі ў друкаваных СМІ ад пачатку выбарчай кампаніі, дзе сказана пра мясцовыя падзеі. Назіральнік рэгулярна рабіў агляд гэтых газет.
Пры гэтым у Гомелі ад пачатку збору подпісаў праходзілі вялікія і шматлюдныя пікеты за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Гомель: восем пікетаў у адным месцы запар
“Апроч таго адзначу, што дадзены пікет меў сэнс толькі як карцінка, а не для рэальнага збора подпісаў.
Я з’ехаў з яго ў 18.15, а там яшчэ стаялі вялікія чэргі. Пры гэтым у 19.00 сканчаўся прыём подпісаў у камісіі. І я высветліў: апошняй, хто здаў подпісы у камісію Цэнтральнага раёна, была група Віктара Бабарыкі, і адбылося гэта ў 18.30”, - падкрэсліў Віктар Адзіночанка.
Таксама, варта адзначыць, што па інфармацыі, якая паступала ў ПЦ “Вясна” увечары 19 чэрвеня, на пікеты за Лукашэнку масава прывозілі супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў. У хуткім часе іх згарнулі, бо ў горадзе людзі пачалі выстройвацца ў “ланцугі салідарнасці”, якія пасля разганаліся АМАПам і міліцыяй.
Апошні перадвыбарчы пікет ў сталіцы і рэгіёнах. Дзесяткі затрыманых па ўсёй краіне
Заўвага: размешчаныя матэрыялы ў дзяржаўных выданнях могуць расцэньвацца як агітацыйныя матэрыялы, бо адлюстроўваюць інфармацыю толькі пра аднага прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта – А. Лукашэнка. Пры гэтым агітацыя забароненая да прыняцця рашэння ЦВК аб рэгістрацыі кандыдатаў.