Гомель: восем пікетаў у адным месцы запар
7 чэрвеня ў 12.00 у Гомелі каля ўнівермага чарговы раз пачалі працаваць перадвыбарчыя пікеты.
Сябры ініцыятыўных групаў збіралі подпісы адначасова за восем прэтэндэнтаў: Святлану Ціханоўскую, Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Чэрачня, Ганну Канапацкую, Вольгу Кавалькову, Уладзіміра Няпомняшчых.
Самая вялікая чарга, як і раней, была да Святланы Ціханоўскай: за яе збіралі подпісы чатыры чалавекі. Але і да іншых ініцыятыўных груп былі чэргі рознай даўжыні, а подпісы за прэтэндэнтаў у кандыдаты збіраліся безупынна.
Ганна Канапацкая і Вольга Кавалькова прысутнічалі асабіста, збіралі подпісы і размаўлялі з жадаючымі.
Уладзімір Няпомняшчых, як мясцовы жыхар, якога значная частка прысутных ведала, актыўна адказваў на пытанні.
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з Гомеля Віктар Адзіночанка, адзначыў, што збор подпісаў адбываўся спакойна, міліцыя не перашкаджала, правакацый не было.
У чэргах стаяла некалькі соцень чалавек. Настрой у іх быў вельмі крытычны да дзеючай улады. На пытанне: “Чаму вы тут стаіце?” у чэргах да розных ініцыятыўных груп, людзі адказвалі амаль аднолькава: “Не хочам дыктатуры”.
Прыкладна ў дзве гадзіны дня пачаўся моцны дождж з градам. Людзі схаваліся пад дахам ўнівермага, але не разыходзіліся. Праз дваццаць хвілін дождж скончыўся, і збор подпісаў працягваўся. Зноў утварыліся чэргі.
Збор подпісаў працягваўся да вечара.
Тым не менш, праваабаронцам вядома пра затрыманне трох чалавек у Гомелі - Аляксандра Шабаліна, Аляксея Думянкова і Сяргея Маслова (увечары ён вярнуўся дадому).