Апошні перадвыбарчы пікет ў сталіцы і рэгіёнах. Дзесяткі затрыманых па ўсёй краіне
Спіс затрыманых падчас мірных акцый 19 чэрвеня (абнаўляецца)
Падчас акцый у розных гарадах краіны адбыліся затрыманні. "Вясна" складае спіс затрыманых.
Паведамляйце дадатковую інфармацыю па нумары: +375 29 841 39 81 (Signal, WhatsApp, Telegram).
19 чэрвеня – апошні дзень сбору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Некаторыя прэтэндэнты ў кандыдаты заклікалі людзей прыйсці ў 18.00 да выбарчых пікетаў і пакінуць свой подпіс за іх вылучэнне.
У 17.45 людзі паведамляюць, што ў цэнтры Мінска праблемы з мабільным інтэрнэтам. Таксама туды зганяецца спецтэхніка і перакрываюцца паркоўкі.
Назіральнікі #ControlBY адзначаюць, што на пачатку пікета прысутнічае каля 50 чалавек.
У Радыё Свабоды таксама праблемы з сувяззю, пакуль не могуць наладзіць анлайн-трансляцыю з цэнтра Мінска.
На 18.30 у ланцугу стаіць каля 100 чалавек. Пра гэта паведамляюць назіральнікі.
У Мінску перакрыты галоўны праспект. Гэта зроблена для таго, каб машыны не маглі падтрымліваць людзей у ланцугу сігналамі.
На 19 гадзін у ланцугу прысутнічае каля 500 чалавек.
У 19.15 з'явіліся супрацоўнікі АМАП, яны пачалі адцясняць людзей да пікетаў.
"АМАП ачапіў плошчу Якуба Коласа ў Мінску. Людзі стаяць па абодва бакі праспекта", - пішуць у тэлеграм-канале "Выбары бачыш?".
У 19.30 ланцуг разарваны, людзі збольшага размешчаныя на пляцоўцы перад Філармоніяй.
Станцыю метро пл. Якуба Коласа - зачынілі. Да прыпынку ля Філармоніі падганяюць аўтазакі.
Сілавікі перакрылі абодва ўваходы ў падземныя пераходы. Людзей просяць разыйсціся, кажуць, што мерапрыемства несанкцыянаванае. На праспекце знаходзіцца чатыры аўтазакі. Людзей адціскаюць да ЦУМу.
У 19.50 у Мінску пачалі затрымліваць людзей: тры чалавекі завялі ў аўтазак, аднаго хлопца - прама з роварам.
Адзін з затрыманых - Юрась Палейка, сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай.
Затрыманая журналістка Радыё Свабода Аляксандра Дынько і журналістка Белсат Ірына Арахоўская.
Затрыманы і аператар Радыё Свабоды Андрэй Рабчык, яго загрузілі ў мікрааўтобус, пасля гэтага відэатрансляцыя абарвалася.
Затрыманы аператар Белсат. Таксама затрыманы журналіст Reuters Уладзімір Косцін.
Людзей, якія стаялі ля цырка ў Мінску, АМАП адціскае да філармоніі.
На плошчы каля Філармоніі ў 20.30 пуста. Але чарга выбудоўваецца ўздоўж праспекта да плошчы Перамогі.
Шмат супрацоўнікаў АМАПа на мінскай плошчы Перамогі.
АМАП каля скрыжавання праспекта Незалежнасці з вуліцай Казлова пачынае адціскаць людзей у бок філармоніі. Уваход у пераход каля гэтага скрыжавання перакрыты міліцыяй.
Каля Парку "Горкага" ў Мінску затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку фатографа TUT.BY Вадзіма Заміроўскага.
У Мінску людзі стаяць "жывым ланцугом" і на іншых вуліцах, напрыклад, праспекце Дзяржынскага.
Як паведамляе TUT.BY, з боку плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа пад'ехалі тры аўтазакі і два аўтобусы з АМАПам. Амапаўцы ідуць ланцугом уздоўж ходніка з боку Філармоніі. Людзі па іншы бок праспекта крычаць "Ганьба!", аўтамабілі сігналяць.
Каля Парку Горкага сілавікі затрымліваюць людзей без разбору. Вядома, што затрыманы Андрэй Караўлаў.
Супрацоўнікі АМАП спрабавалі затрымаць маладога чалавека, ён крычаў, што яму 17 гадоў. Яго паспрабавалі адбіць некалькі чалавек - у выніку затрымалі ўсіх.
Каля Макдональдса недалёка ад ст. м. "Кастрычніцкая" забралі дзяўчыну і хлопца з бел-чырвона-белым сцягам на плячах.
Да "жывога ланцуга" на праспекце Дзяржынскага прыехала міліцыя. Тут сабралося шмат людзей, аўтамабілісты падтрымліваюць іх сігналамі.
З'явілася інфармацыя, што затрыманая карэспандэнтка Onliner Анастасія Занько. Каля помніка Якубу Коласу затрымана мінімум два чалавекі - Панасюк Юры і Панасюк Дзмітрый, яшчэ адзін затрыманы каля крамы "Лянок".
У Мінску сілавікі працягваюць ісці па праспекце Незалежнасці ў суправаджэнні некалькіх аўтобусаў, яны не дазваляюць людзям ісці ў бок ЦУМа, прымушаюць усіх разварочвацца. Затрымліваюць нават тых, хто проста стаіць ля крамаў і кавярняў. Супрацоўнікі міліцыі ў 21.45 дайшлі да Акадэміі навук.
Каля 22 гадзінаў адпусцілі журналістку Радыё Свабода Аляксандру Дынько. Тым часам у Першамайскі РУУС дастаўлена некалькі дзясяткаў затрыманых, сярод іх журналістка Ірына Арахоўская, паведамляе Барыс Гарэцкі.
У сацсетках паведамляюць, што зачыненыя станцыі метро "Акадэмія Навук", "Плошча Якуба Коласа" і "Плошча Перамогі". Станцыі "Кастрычніцкая" і "Купалаўская" працуюць на ўваход і перасадку.
Людзі ўздоўж праспекта Незалежнасці каля цырка скандуюць "Адпускай!". Стала вядома імя хлопца затрымага разам з роварам (на фота вышэй) - гэта Мікіта Анісковіч.
Радыё Свабода паведамляе, што іх аператара таксама адпусцілі.
Сярод затрыманых Сяргей Літвін і Аляксандр Палуянчык, і яшчэ 15 чалавек.
Паведамляецца, што затрыманыя журналісты Еўрарадыё Марыя Вайтовіч і Арцём Маёраў падчас сённяшняга хапуна. Яны нічога не парушалі, проста рабілі сваю працу.
Пачалі затрымліваць людзей каля ст. м. "Грушаўка", што расцягнуліся "ланцугом" па праспекце Дзяржынскага. Сярод затрыманых Юлія Чурко.
Каля 23 гадзін людзі яшчэ знаходзяцца ў цэнтры Мінска.
"Людзей каля плошчы Перамогі значна паменела, але, паводле карэспандэнта Свабоды, сітуацыя змяняецца літаральна кожныя дзесяць хвілінаў: як толькі АМАП з'яжджае, людзей становіцца болей – яны зноў вяртаюцца на праспект", - паведамляе у тэлеграм-канале Радыё Свабода ў 23.15.
На "Грушаўцы" ізноў каля 200 чалавек.
Журналісты Еўрарадыё Марыя Вайтовіч і Арцём Маёраў на волі!
Людзі стаяць на праспекце Пераможцаў.
І не разыходзяцца з праспекту Незалежнасці, нягледзячы на "караваны" аўтазакаў.
І каля ст. м. "Грушаўка" людзі застаюцца.
У 23.43 каля 20 чалавек былі затрыманы ў цырка! Пры затрыманні людзей збівалі супрацоўнікі АМАП і людзі ў цывільным.
Тым часам, у шматлікіх тэлеграм-каналах паведамляецца, што людзі выходзяць на пікеты ў Баранавічах, Лідзе, Оршы, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Гродне, Брэсце, Магілёве, Стоўбцах ды іншых гарадах краіны.
Бабруйск
У Бабруйску людзі выстраіліся ўздоўж вуліцы Мінскай. У ланцугу, які расцягнуўся ўжо метраў на 500, цяпер знаходзіцца прыкладна 250 чалавек. Карэспандэнт TUT.BY і прысутныя паведамляюць пра перабоі з мабільным інтэрнэтам А1.
У Бабруйскі таксама пачаліся затрыманні. У аўтазаку знаходзяцца журналісты Сяржук і Алеся Лацінскія.
"Пікет у Бабруйску сёння расцягнуўся на 600 метраў, людзі пачалі падыходзіць пераважна пасля 6 гадзін вечара. Больш за 1000 чалавек прынялі ўдзел у акцыі", - паведамляецца ў тэлеграм-канале "Бабруйс Online".
Былі і затрыманні: не менш за шэсць чалавек дастаўлена ў мясцовы РАУС.
Вядома, што сярод затрыманых Ілля Уласаў і Уладзімір Міхалап.
Віцебск
У Віцебску каля "Марк-Сіці" збіраюцца людзі і становяцца ў жывы ланцуг.
Колькасць людзей павялічваецца ў Віцебску. Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова адзначае, што не менш 500 чалавек знаходзіцца на пікеце.
Каля 20 гадзін вечара ў цэнтр Віцебску падагналі пяць аўтобусаў, заблакавалі тратуар. Дарогу перакрылі, людзі сталі разыходзіцца.
Затрыманыя Алена і Юлія Янушкоўскія, іх павезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна.
Да плошчы Перамогі прыехаў аўтазак, забралі некалькі чалавек, якія стаялі ў самым канцы плошчы.
Гомель
Відавочцы паведамляюць, што ў цэнтры горада паставілі пікеты прыхільнікі дзеючага прэзідэнта. Сюды ж прывезлі людзей на аўтобусах, каб яны пастаялі і пакінулі подпісы за Лукашэнка. Але праз 10 хвілін ад пачатку - пікеты згарнулі.
У Гомелі затрымалі жанчыну. Верагодна гэта Алена Давыдава. "Кандыдатку пратэсту" Алену Давыдаву адпусцілі праз некалькі хвілін пасля затрымання.
Каля 500 чалавек выйшлі на пікет, АМАП спрабуе іх разагнаць.
Затрыманне ў Гомелі: тых, хто не разышоўся, пакуюць у аўтобус.
Амапаўцы кудысьці павалаклі чалавека ў непрытомным стане.
У затрыманага ў аўтазаку - прыступ эпілепсіі. Хуткую не выклікаюць, просяць супакоіцца канвульсуючага на падлозе чалавека!
Брэст
Каля 100 чалавек стаіць на вуліцы Савецкай ад кінатэатра "Беларусь" да помніка 1000-годдзя на Гогаля.
Брэст у 20.50: людзі стаяць пад дажджом на праспекце Машэрава ад вуліцы Халтурына да вуліцы 17 верасня.
АМАП выйшаў і ў Брэсце: людзей выцясняюць з тратуараў, берасцейцы крычаць "Ганьба!"
Светлагорск
Каля 20 чалавек вышлі ў "жывы ланцуг" у Светлагорску. Машыны, што праязджаюць міма - сігналяць у знак падтрымкі.
Агулам за ўвесь час у "жывым ланцугу" было чалавек 100, а калі з’явіліся міліцыянеры і пачалі казаць у мегафон, каб людзі разыходзіліся, удзельнікі працягвалі стаяць і пачалі сварыцца з імі.
Аператыўную здымку вяла супрацоўніца ў цывільнай вопратцы.
Абыйшлося без затрыманняў.
Гродна
У Гродне сабралася каля 350 чалавек. Людзі апладзіруюць, машыны, якія праязджаюць міма, сігналяць.
У Гродне людзі стаяць ад Савецкай плошчы, праз Нёман да філармоніі.
АМАП і супрацоўнікі міліцыі кажуць прысутным разыйсціся.
Каля 21 гадзін вечара пачаліся затрыманні. Вядома пра аднаго затрыманага.
У Гродне на вуліцы Гарнавых ДАІ выпісвае пратаколы кіроўцам машын, якія сігналілі. Людзі ходзяць за АМАПам, перайшлі са старога моста на Савецкую плошчу.
У пікавыя моманты ў ланцугу салідарнасці, па падліках тэлеграм-канала "Выбары бачыш?", было каля 500-600 чалавек. Зараз на плошчы засталося каля 100.
Магілёў
Каля 120 чалавек вышлі ў цэнтр Магілёва.
Каля 20 гадзін вечара пачаліся затрыманні: у міліцэйскі бус адвялі Аляксандра Спірыдонава.
Міліцыя кажа прысутным разыйсціся, але людзі не надта падпарадкоўваюцца.
Журналіста Аляксандра Сабалеўскага затрымалі ў жывым эфіры для Магілёўскага YouTube канала 6TV. Таксама затрыманы карэспандэнт TUT.BY Анжаліка Васільеўская. Іх даставілі ў РАУС Ленінскага раёна Магілёва.
У 21.30 з РАУС адпусцілі Анжаліку Васілеўскую. Пасля 22 гадзін адпусцілі і Аляксандра Сабалеўскага.
Вільнюс
Да пікетаў далучыліся і беларусы замежжа.
Як праходзіў збор подпісаў і ўтварыўся "Ланцуг салідарнасці" учора
Нават пад градам, да "Незалежнасці" і ноччу. Пікет салідарнасці ў Мінску