Нават пад градам, да "Незалежнасці" і ноччу. Пікет салідарнасці ў Мінску
У перадапошні дазволены дзень збору подпісаў, 18 чэрвеня, вылучэнцы ў кандыдаты сустаршыня партыі БХД Вольга Кавалькова, кіраўнік партыі АГП Мікалай Казлоў, кіраўнік Руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч арганізавалі каля Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 18:00 правядзенне пікетаў па зборы подпісаў ці так называемы "Пікет салідарнасці".
Вольга Кавалькова заявіла, што на пікеце можна "паставіць свой подпіс за дэмакратычных кандыдатаў і законным спосабам выказаць сваю салідарнаць з тымі, хто сёння знаходзіцца за кратамі, пад ціскам і рэпрэсіямі".
Паводле інфармацыі "Радыё Свабода", на пачатку пікета прысутнічала каля 100 чалавек. Праз паўгадзіны пасля пачатку пікета з'явіліся міліцыянты (па форме і ў цывільным), якія прасілі людзей у чарзе адыйсці далей ад праезнай часткі.
Назіральнікі #ControlBY ад Валанцёрскай службы "Вясны" у 18:42 паведамілі, што на пікеце яны ўжо налічылі людзей у цывільным не менш за 40 чалавек. Агульная колькасць удзельнікаў узрасла да 350 у чарзе і 70 чалавек непасрэдна каля Філармоніі.
А 19 гадзіны надвор'е сапсавалася: пачаліся дождж, град і навальніца. Але людзі працягнулі стаяць у чарзе, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Як паведамляюць назіральнікі #ControlBY, на момант 20:00 у чарзе не менш за 550 чалавек. Сама чарга расцягнулася з Белдзяржфілармоніі да Плошчы Перамогі. Інцындэнтаў з пачатку пікетаў заўважана не было.
Як бачна са стрыму "Радыё Свабода", пікет салідарнасці разцягнуўся да плошчы "Незалежасці". Пікет па зборы подпісаў скончыўся каля 21 гадзіны, выбарчы пікет перарос у самастойную акцыю. #ControlBY паведаміў, што па стане на 21:45 у ланцугу ад Філармоніі да Паштамта - каля 1650 чалавек. Пазней паведамлялася пра больш за дзве тысячы чалавек у ланцугу.
Пасля 22 гадзін па гораду пачалі ездіць аўтазакі і міліцэйскія машыны. Міліцыянты патрабавалі ў ўдзельнікаў акцыі разыйсціся і папярэджвалі аб адказнасці. Машыны, якія праязджалі па прашпекту Незалежнасці, сігналі ў знак салідарнасці з удзельнікамі і ўдзельніцамі акцыі. ДАІ перакрывалі некаторыя ўчасткі дарогі.
Як паведаміў у 23:30 тэлеграм-канал "Выборы. Беларусь" быў затрыманы чалавек на плошчы Незалежнасці. Ён гучна крычаў "Дапамажыце". Яго змясцілі ў міліцэйскі мікрааўтобус. Далейшы лёс яго пакуль невядомы. Гэтую інфармацыю пацвердзіў "Радыё Свабодзе" сведка затрымання.
У 23:40 акцыя працягваецца. Беларусы працягваюць апладзіраваць і сігналіць адзін аднаму. У дварах і на прашпекце - аўтазакі і міліцыя. Апоўначы на вуліцах Мінску людзі скандуюць "Адпускай!" У 00:30 беларусы крычаць "Выпускай" і "Віце трэба выйсці". Гэта заклікі ўдзельнікаў акцыі выпусціць з-за кратаў затрыманага 18 чэрвеня вылучэнца Віктара Бабарыкі.
У 00:40 на Кастрычніцкую плошчу пачалі падганяць аўтазакі. Але аўтазакі праехалі ў накірунак Плошчы Перамогі. Людзі пачалі разыходзіцца. Акцыя доўжылася каля сямі гадзін.