Як супрацьстаяць падробцы подпісаў і іншым падлогам у выбарчым працэсе? Што прапануе юрыст
Аналітык кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка бачыць выхад у неабходнасці комплекснай змены дзеючага заканадаўства.
Сямёра жыхароў аграгарадка Лясны ў Мінскім раёне падалі калектыўную заяву ў міліцыю. Яны просяць праваахоўнікаў разабрацца: як атрымалася, што ў спісы выбаршчыкаў, якія вылучалі членаў участковай камісіі па выбарах, хтосьці без ведама ўнёс іх асабістыя дадзеныя, а таксама падрабіў подпісы. Пра гэтую гісторыю 27 ліпеня распавёў партал TUT.BY.
Падобны выпадак далёка не адзінкавы пад час цяперашняй выбарчай кампаніі.
Так, 8 ліпеня пяць выбаршчыкаў Заводскага раёна г. Мінска звярнуліся з заявай у міліцыю. Яны паказваюць, што не ставілі свой подпіс пад вылучэннем у члены ўчастковай камісіі Таццяны Плашчынскай - начальніцы аддзела кадраў на прадпрыемстве «Белметал». Сама Плашчынская не магла растлумачыць, як гэта атрымалася: дакументамі займаўся старшыня камісіі — намеснік дырэктара па ідэалогіі таго ж прадпрыемства: «збіраў усе дакументы і падаваў іх у адміністрацыю раёна ці куды там яны падаюцца». Дарэчы, абодва не першы год удзельнічаюць у камісіях на выбарах.
"Вочная стаўка", якую правялі журналісты, толку не дала: не ліквідавала супярэчнасцяў у паказаннях раней «дапытаных» удзельнікаў УВК: Аляксандр Мякішаў (сам ён прадбачліва вылучыўся ў камісію ад Камуністычнай партыі) пазіцыю калегі не падтрымаў: Плашчынская, кажа, хадзіла са мной па дамах.
"Я не ставіў за яе подпіс". Выбаршчыкі напісалі заяву ў міліцыю на сябра камісіі
Выявілася меркаваная падробка ў працэсе абскарджання вынікаў фармавання адной з УВК у судзе, пры азнаямленні з дакументамі.
Можна было б да гэтага паставіцца як да казуса, але вось новая інфармацыя: Валянцін Карэеў з Менска публікацыяй у сябе на старонцы ў Фэйсбуку дадаў новы выпадак магчымай падробкі: зноў участковая камісія, зноў 6 чалавек заявілі, што не падпісвалі заяву аб вылучэнні ў камісіі прадстаўніка грамадзян.
Аналітык кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Павел Сапелка аналізуе сітуацыю і прыходзіць да высновы - чаму стала магчыма такое:
"Усё проста: участковыя камісіі фармуюцца мясцовымі органамі кіравання - выканкамамі і адміністрацыямі раёнаў у горадзе, і задачы перад імі стаяць канкрэтныя: сфармаваць УВК так, каб тыя заставаліся верным інструментам фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Таму камісіі як правіла складаюцца з людзей, якія "добра зарэкамендавалі" сябе на папярэдніх выбарах і кіраваных. Першая задача дасягаецца мінімальным узроўнем ратацыі членаў камісій. Другая – фарміраваннем камісій пераважна па вытворчым прынцыпе. Яшчэ адной важнай гарантыяй ад нечаканасці з'яўляецца адсутнасць у камісіях ідэалагічных праціўнікаў улады і проста невядомых, "выпадковых" людзей. Пры гэтых усіх абмежаваннях неабходна выканаць і заканадаўчыя абмежаванні: кожны суб'ект павінен вылучыць у камісію толькі аднаго прадстаўніка.
За гэтымі задачамі "другараднае" - законнасць вылучэння тых самых дасведчаных, правераных і вядомых, застаецца без належнай увагі. Адпаведна, суб'екты, якія фармуюць камісію са сваіх прадстаўнікоў, упэўненыя ва ўзаемнасці ўлады і ўжо не вельмі ўважлівыя і асцярожныя пры выкананні рытуалу вылучэння".
Але чаму тады выканкамы і ўчастковыя камісіі з вытворчым прынцыпам фармавання пагарэлі менавіта на тых, хто вылучаўся ад грамадзян шляхам збору подпісаў?
Павел Сапелка лічыць, што ў адрозненне ад раённых камісій, дзе можна сярод тых жа членаў калектыву лёгка знайсці "жадаючага" паставіць подпіс за вылучэнне, пражываючага на тэрыторыі раёна, пры фарміраванні ўчастковых камісій геаграфія звужаецца, і "жадаючыя" павінны жыць на тэрыторыі ўчастка для галасавання. Відавочна, неабходнасць знайсці дзясятак грамадзян з ліку тых, хто не падпарадкаваны па службе, для вылучэння патрэбнага чалавека патрэбным спосабам стала непераадольнай перашкодай пры падрыхтоўцы дакументаў для вылучэння.
"Цяпер вам ужо лёгка будзе зразумець, як за вылучэнне аднаго паспяховага кандыдата падпісаліся амаль два мільёны чалавек; зборшчыкі подпісаў сцвярджаюць, што палова з іх – тыя, каго яны заспелі па месцы жыхарства: гэтыя подпісы, не выключана – такой жа якасці, але правяралі іх, прабачце за каламбур, ужо правераныя людзі; а назіралі за імі хто? Ніхто: у большасці выпадкаў прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" было адмоўлена ў прысутнасці пры праверцы подпісаў.
Здаецца, у гэтай праблемы ёсць рашэнне: "галоснасць і ўлік грамадскай думкі, пастаяннае інфармаванне грамадзян аб прымаемых рашэннях па найважнейшых пытаннях мясцовага значэння" па законе "Аб мясцовым самакіраванні" і правіла Выбарчага кодэкса аб тым, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў Прэзідэнта і дэпутатаў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Аднак на справе ўсё ідзе не так проста: выканкамы публікуюць толькі пэўны аб'ём інфармацыі аб фарміраванні камісій і на гэтым прынцып галоснасці лічаць выкананым. Азнаёміцца з «кухняй» прыняцця рашэнняў немагчыма: падобна на тое, у выканкамах ведаюць, што не ўсё там добра з дакументамі вылучэнцаў, таму створана адзіная практыка: ніякіх дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у камісіі назіральнікам і іншым зацікаўленым грамадская дзейнасць не паказваюць, у лепшым выпадку – даюць магчымасць павярхоўна, здалёк паглядзець на пратаколы і заявы. 66% назіральнікаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" сёлета адказалі на пытанне: "Ці была ў зацікаўленых асоб магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад УВК (пратаколы сходаў адпаведных структур палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў, заявы грамадзян?) адмоўна."
Вяртаючыся да падробленых подпісаў: чым па законе можа абярнуцца прадпрымальнасць і парушэнне закона пры афармленні дакументаў?
Павел Сапелка: "У нас, тых хто назіраў ужо за некалькім выбарчымі кампаніямі, ёсць прыклады сітуацый, калі звароты грамадзян аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці асоб, якія груба парушылі заканадаўства аб выбарах у перадвыбарчы перыяд, якія ўчынілі дзеянні з прыкметамі злачынстваў, чамусьці накіроўваліся для разгляду ў выбарчыя камісіі і згасалі са спыненнем дзейнасці гэтых камісій пасля заканчэння выбараў.
У выпадку, калі крымінальны закон запрацуе, і па факце выкарыстанне загадзя падробленага дакумента або падробкі дакумента будзе пачата праверка, то знойдзецца некалькі складаў злачынства, пад прыкметы якіх падпадаюць дзве гісторыі поспеху членаў УВК".
Аднак і тут не без праблем:
У артыкуле КК "Злачынствы супраць канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна" ёсць, напрыклад, артыкул 192 – "Парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, аб адкліканні дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян". У дыспазіцыі - падробка дакументаў па выбарах, аднак суб'ектам з'яўляецца асоба, якая ўваходзіць у склад ЦВК, выбарчай камісіі і іншая асоба, якая прымае "ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў". Ці будзе аднесены да гэтых асоб нейкі намеснік па ідэалогіі прадпрыемства, які ці то сабраў, ці то не сабраў подпісы і занёс іх у адміністрацыю раёна – пытанне няпростае.
Самі ж "выгадаатрымальнікі" - накіраваныя ў камісіі прадстаўнікі, і на самай справе маглі не прадстаўляць, якія абставіны суправаджаюць іх накіраванне на пярэдні край выбарчай вайны: ні ў Выбарчым кодэксе, ні ў пастанове ЦВК, якія растлумачваюць парадак прымянення нормаў ВК пры ўтварэнні камісій няма Палажэння аб адказнасці прадстаўнікоў суб'ектаў, якія накіравалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій за дакладнасць адпаведных дакументаў.
Такім чынам, уяўляецца неабходным комплекснае змяненне заканадаўства, якое павінна:
- зрабіць празрыстым працэс вылучэння прадстаўнікоў у камісіі, уключаючы магчымасць азнаямлення прадстаўнікоў грамадскасці і іншымі прадстаўнікамі з усімі без абмежавання дакументамі аб вылучэнні. Для ліквідацыі канфлікту з палажэннямі Закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", які абараняе персанальныя дадзеныя – асноўныя і дадатковыя персанальныя дадзеныя фізічнай асобы, якія падлягаюць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі ўнясенню ў рэгістр насельніцтва, а таксама іншыя дадзеныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць такую асобу, неабходна дапоўніць формы па вылучэнні прадстаўнікоў у камісіі ўказаннем на згоду фізічных асоб на разгалашэнне гэтых дадзеных у вызначаным законам аб'ёме, альбо замацаваць законам парадак карыстання гэтымі дадзенымі ў выбарчых праваадносінах;
- прадугледзець крымінальную адказнасць за любую наўмысную падробку ў выбарчым працэсе, незалежна ад суб'екта, мэты і матыву.