Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Я не ставіў за яе подпіс". Выбаршчыкі напісалі заяву ў міліцыю на сябра камісіі

Таццяна Плашчынская. Фота: з сацсетак Таццяны Плашчынскай
Таццяна Плашчынская. Фота: з сацсетак Таццяны Плашчынскай

Пяць выбаршчыкаў Заводскага раёна Мінска звярнуліся з заявай у міліцыю. Яны кажуць, што не ставілі свой подпіс пад вылучэннем у сябры ўчастковай камісіі Таццяны Плашчынскай, якая ўзначальвае аддзел кадраў на прадпрыемстве "Белметал" і не першы год лічыць галасы на выбарах. Сама Таццяна Іванаўна не можа толкам растлумачыць, што адбылося. Кажа, дакументамі займаўся старшыня камісіі, ён жа — намеснік дырэктара па ідэалогіі, і таксама не першы год працуе на выбарах. Пра гэта паведамляе TUT.BY.

Пытанні да подпісаў паўсталі ў жыхаркі Заводскага раёна Кацярыны Алімпіевай, якая падала ў суд, каб дамагчыся справядлівасці.

"Я галасую на 90-м участку ў Заводскім раёне. Летась я была перакладчыцай назіральнай місіі АБСЕ на парламенцкіх выбарах. Мы працавалі як раз у маім раёне. Увогуле, я паглядзела, як у нас праводзяцца выбары, і сёлета вырашыла, што хачу сама стаць сябрам выбарчай камісіі. Сабрала подпісы грамадзян за сябе, праўда па іншым участку, і сама таксама паставіла подпіс за чалавека, які як раз вылучаўся на 90-м участку. Ні я, ні ён у выніку не прайшлі. І я пайшла ў суд, паколькі грамадзяне, якія вылучалі кандыдатаў, могуць абскардзіць рашэнне адміністрацыі раёна".

Пры азнаямленні з матэрыяламі справы, кажа Кацярына, у яе выклікалі пытанні дакументы на імя Плашчынскай Таццяны Іванаўны, якая, як высветлілася пазней, працуе на выбарах з 2010 года.

"Я звярнула ўвагу на даты подпісаў, там быў і чэрвень, і люты, — кажа суразмоўца. — Акрамя таго, я ўбачыла там прозвішча маёй знаёмай, якая, як пазней і пацвердзілася, не ставіла свой подпіс. Мы з адвакатам заяўлялі ў судзе хадайніцтва, каб выклікалі і Таццяну Плашчынскую, і людзей, якіх яна пазначыла ў сваёй заяве, аднак суд нам адмовіў і скаргу нашу адхіліў. Тады ўжо пасля суда мы сталі шукаць людзей, якія нібыта паставілі свае подпісы, і, паводле маіх звестак, 10 з 11 чалавек наогул не ведаюць Таццяну Плашчынскую і не падпісваліся за яе, адзін чалавек жыве ў іншым горадзе, не змаглі з ім сустрэцца. Пяць чалавек напісалі заяву ў міліцыю з просьбай правесці праверку".

Адзін з грамадзян, пазначаных у заяве Таццяны Плашчынскай, Алег Зыль. Кажа, што паняцця не мае, хто гэтая жанчына, ніколі яе не бачыў і не ставіў свой подпіс за яе:

"Вядома, я напісаў заяву ў міліцыю, таму што нельга цярпець такое бязмежжа. Я не ведаю, хто гэтая Плашчынская, я ніколі не ставіў за яе свой подпіс. Мяркую, яны проста ўзялі дадзеныя з ЖЭСа, таму што на падпісным лісце ўсе людзі жывуць па суседстве". 

Так выглядала заява, якую Таццяна Плашчынская падала ў адміністрацыю Заводскага раёна. Звярніце ўвагу на подпісы і даты. Фота: Алег Зыль
Так выглядала заява, якую Таццяна Плашчынская падала ў адміністрацыю Заводскага раёна. Звярніце ўвагу на подпісы і даты. Фота: Алег Зыль

Адвакат Сяргей Зікрацкі, які прадстаўляў інтарэсы Кацярыны Алімпіевай у судзе, тлумачыць, што цяпер міліцыя павінна апытаць тых, хто падаў заяву. Калі пацвердзіцца, што дадзеныя былі сфальсіфікаваныя, праваахоўнікі павінны завесці крымінальную справу.

Таццяна Плашчынская — начальніца аддзела кадраў на прадпрыемстве «Белметал». Што тычыцца выбараў, то яна сапраўды дасведчаны чалавек, была сябрам камісіі і на папярэдніх парламенцкіх, і прэзідэнцкіх выбарах. Раней вылучалася ад грамадскіх арганізацый, у гэтым годзе — ад групы выбаршчыкаў. Ці збірала яна подпісы?

"Па гэтым пытанні вам трэба патэлефанаваць нашаму старшыні камісіі Мякішаву Аляксандру Уладзіміравічу (намеснік дырэктара па ідэалогіі на прадпрыемстве «Белметал». — Заўвага TUT.BY), — заявіла TUT.BY Таццяна Іванаўна. — Гэта ён збіраў усе дакументы і падаваў іх у адміністрацыю раёна ці куды там яны падаюцца".

— Але вы самі збіралі подпісы ў людзей? — удакладняе TUT.BY.

— Усе пытанні — да старшыні, —  патлумачыла Плашчынская і адключыла тэлефон.

У прыёмнай таксама кажуць, што выбарамі на прадпрыемстве займаецца намеснік дырэктара па ідэалогіі, і толькі ён можа адказаць на пытанне па зборы подпісаў. У каментары "Нашай ніве" Аляксандр Мякішаў заявіў, што Таццяна Плашчынская разам з ім хадзіла па дамах, збіраючы подпісы. Чаму людзі цяпер заяўляюць адваротнае, ён патлумачыць не можа, як і тое, чаму датай подпісу стаіць люты.

Пакуль не ўдалося датэлефанавацца начальніку аддзела арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Заводскага раёна Таццяне Судзібор, менавіта яна і яе спецыялісты рыхтавалі і правяралі дакументы прэтэндэнтаў у члены камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары