Гарадзенскі аблвыканкам зноў "памыляецца"? Назіральнік паспрабаваў высветліць, чаму на яго зварот адказвалі так доўга
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Гродна Раман Юргель паскардзіўся ў пракуратуру на несвоечасовы адказ Гарадзенскага аблвыканкаму на яго зварот адносна парушэнняў пры фарміраванні ўчастковых камісій.
Тэрміны адказу на яго зварот перавысілі трохдзённыя тэрміны, усталяваныя для пытанняў па парушэнні выбарчага заканадаўства, што прадугледжана арт. 49 (1) ВК РБ.
Гарадзенскі аблвыканкам забыўся на адкрытасць і галоснасць працы выбарчых камісій
У сваёй скарзе назіральнік патрабаваў атрымання адказу на падобнага кшталту скаргі ў трохдзённы тэрмін. Ён узгадаў, што ў Беларусі былі ўжо выпадкі зацягвання такіх адказаў на 14 дзён, каб факты парушэнняў не мелі своечасовай ацэнкі.
Пракуратура традыцыйна перанакіравала скаргу ў сам аблвыканкам, а дакладней у Галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай працы. І адтуль адказ ішоў 10 дзён.
У адказе значыцца, што першы раз Юргелю доўга адказвалі нібыта таму, што яго зварот наконт парушэння заканадаўства “патрабаваў праверкі і вывучэння”. А яшчэ напісана, што адказ на зварот быў накіраваны поштай 2 ліпеня. Але справа ў тым, што штэмпелі на капэрце сведчаць пра іншае: што адасланы адказ быў толькі 06.07.20, а атрыманы 08.07.20.
Хто парушыў тэрміны накіравання адказу - работнікі аблвыканкаму ці “Белпошты” (затрымка пошты у люстрацыі пісем), застаецца таямніцай.