Назіральнікі ад ПАСЕ не прыедуць на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) не будзе весці назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, пішуць naviny.by са спасылкай на прэс-службу арганізацыі.
Як растлумачылі БелаПАН у гэтай еўрапейскай структуры, 15 ліпеня беларускі парламент накіраваў у ПАСЕ запрашэнне назіраць за выбарамі.
"Прэзідэнт ПАСЕ Рык Даемс сказаў, што, улічваючы абмежаваны час да выбараў, адсутнасць нашых звычайных партнёрскіх арганізацый, у прыватнасці БДІПЧ, пастаянна зменлівую санітарную сітуацыю, звязаную з COVID-19, і абмежаванні на паездкі членаў, якія вынікаюць з гэтага, асамблея не зможа накіраваць дэлегацыю з гэтай нагоды", — адзначылі ў прэс-службе.
15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ абвясціла, што не будзе адпраўляць назіральную місію ў Беларусь на маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары ў сувязі з несвоечасова адпраўленым запрашэннем ад беларускага боку.
"Беларускія ўлады абвясцілі выбары больш двух месяцаў таму, — патлумачыла ў каментары БелаПАН прэс-сакратарка БДІПЧ АБСЕ Каця Андруш. — Ім добра вядома, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэнні для правядзення назірання за ўсімі этапамі выбараў".
Андруш падкрэсліла, што ўжо завершаныя, напрыклад, такія важныя этапы, як фарміраванне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў.
"Гэта тыя канкрэтныя вобласці, аб паляпшэннях у якіх БДІПЧ давала рэкамендацыі", - сказала яна.
Па словах прадстаўніка арганізацыі, на працягу апошніх паўтары месяцаў дырэктарка БДІПЧ АБСЕ Інгібьерг Сальрун Гісладоцір неаднаразова казала беларускім уладам пра неабходнасць своечасовага запрашэння.
Ад назірання за выбарамі адмовілася і Парламенцкая асамблея АБСЕ.
Прэс-сакратар ПА АБСЕ Нэт Пэры растлумачыў БелаПАН, што ў Асамблеі "няма планаў назіраць за выбарамі да восені, як мінімум, з-за пандэміі COVID-19".