Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ЕС: Адмова ў рэгістрацыі кандыдатаў абмяжоўвае магчымасць беларускага народа выказваць сваю волю

Жазэп Барэль. Фота: Reuters
Жазэп Барэль. Фота: Reuters

Як паведамляе TUT.BY, ЕС чакае ад Беларусі неадкладнага афіцыйнага запрашэння БДІПЧ/АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.

У лісце гаворыцца, што абодва кандыдаты — і Валерый Цапкала, і Віктар Бабарыка — набралі больш за 100 тысяч неабходных подпісаў. Аднак Віктару Бабарыку было адмоўлена на той падставе, што "былі выяўленыя нібыта неадпаведнасці ў яго дэкларацыі аб даходах і маёмасці", а Валерыю Цапкалу адмовілі "нібыта з-за недастатковай колькасці сапраўдных подпісаў і адсутнасці інфармацыі аб тым, што яго жонка валодае акцыямі Прыёрбанка".

— Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, як ужо адзначалася Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ/АБСЕ) у 2010 і 2015 гадах, падрывае давер да працэсу рэгістрацыі. Больш за тое, прававыя палажэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар'еры для кандыдатаў, што супярэчыць абавязацельствам АБСЕ і іншым міжнародным стандартам, — адзначаецца ў заяве.

Еўрапейскі Саюз шкадуе аб тым, што рэкамендацыі БДІПЧ/АБСЕ, у прыватнасці аб увядзенні дакладных і разумных крытэрыяў і механізмаў для рэгістрацыі кандыдатаў і праверкі подпісаў, не былі рэалізаваныя. ЕС чакае ад Беларусі неадкладнага афіцыйнага запрашэньня БДІПЧ/АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі.

У ЕС перакананыя, што выключэнне кандыдатаў абмяжоўвае магчымасць беларускага народа выказваць сваю волю, а таксама падрывае сумленнасць і дэмакратычнасць выбараў. А адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, беларускія ўлады не змаглі забяспечыць значную палітычную канкурэнцыю на выбарах, што павінны адбыцца.

Еўрасаюз таксама чакае ад Беларусі павагі правоў грамадзянаў на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў на працягу тыдняў, якія папярэднічаюць выбарам.

— Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя застануцца вызначальнымі для ЕС пры фармаванні ягонай палітыкі ў дачыненні да краіны, — гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, у аўторак, 14 ліпеня, у ЦВК прайшло пасяджэнне па рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. Ганну Канапацкую, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Чэрачэня, Святлану Ціханоўскую і Аляксандра Лукашэнку аднагалосна дапусцілі да ўдзелу ў выбарах. Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты не зарэгістравалі.


Каментары