Ці можна абскардзіць рашэнні ТВК аб непрызнанні подпісаў? Каментар Уладзіміра Лабковіча
У апошні дзень пасяджэння раённых выбарчых камісій - 29 чэрвеня – па ўсёй краіне выяўляліся незразумелыя эпізоды з масавым прызнаннем несапраўднымі подпісаў, сабраных за прэтэндэнтаў на кандытацтва Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.
2 ліпеня Радыё Свабода агучыла словы намесніка начальніка аддзелу прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы ЦВК Івана Таўкача аб тым, што забракаваныя подпісы могуць быць паказаныя толькі самому прэтэндэнту. З пазыцыі чыноўніка наўпрост вынікае, што штаб Віктара Бабарыкі ніколі не зможа высветліць, якія подпісы, сабраныя ягонай ініцыятыўнай групай, былі прызнаныя несапраўднымі, паколькі і сам прэтэндэнт, ды і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы, знаходзяцца зараз за кратамі.
Як прайшла праверка подпісаў у трох раёнах Мінска?
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч не можа пагадзіцца з такой пазіцыяй ЦВК і лічыць яе нічым іншым, як забаронай на абскарджанне. У такой сітуацыі каманда Бабарыкі пазбаўленая прававых механізмаў бараніць правы свайго кандыдата і выбаршчыкаў, якія іх падтрымалі. Такая пазыцыя не стасуецца і з Выбарчым кодэксам. І вось чаму.
“Мяркую, – кажа Лабковіч, – што ў сваёй трактоўцы ЦВК сыходзіла з ч. 7 арт. 68 ВК Рэспублікі Беларусь: асоба, якая вылучана кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, ... мае права знаёміцца з матэрыяламі праверкі дакументаў, прадстаўленых для рэгістрацыі.
Але, гэты артыкул рэгулюе ўжо саму рэгістрацыю кандыдатаў ў прэзідэнты, якую праводзіць ЦВК пасля атрымання ўсіх пратаколаў па праверцы здадзеных подпісаў з абласных і г. Мінска тэрытарыяльных выбарчых камісій, а таксама дакументаў, якія кандыдат непасрэдна здае ў ЦВК. Вынікае, што на этапе працы ЦВК па рэгістрацыі прэтэндэнт можа знаёміцца з дакументамі праверкі.
Але, штабы прэтэндэнтаў знаходзяцца на іншым, як бы мовіць, “паверху абскарджання”. Яны абскарджваюць рашэнні раённых ТВК аб выніках праверкі подпісаў. Гэта значыць, яны абскарджваюць дзеянні камісіі па праверцы подпісаў, якія рэгулююцца іншым артыкулам ВК, а менавіта артыкулам 61”.
Па словах Уладзіміра Лабковіча, у такім выпадку дзейнічаюць нормы абскарджання рашэння ТВК, якія замацаваны ў артыкуле 49 ВК.
Разбярэм такія магчымасці.
- Частка 4 арт. 49 ВК: Заяўнік мае права знаёміцца з матэрыяламі, звязанымі з разглядам яго звароту.
- Частка 5 арт.49 ВК: Скаргі на рашэнні камісій разглядаюцца на пасяджэннях камісій. Аб даце, часе і месцы правядзення пасяджэння паведамляецца заяўніку, які мае права прысутнічаць пры разглядзе скаргі
- Частка 8 арт. 37 ВК прадугледжвае, што: Рашэнні і дзеянні камісіі могуць быць абскарджаныя ў вышэйстаячую камісію.
“Такім чынам, – рэзюміруе Лабковіч, – як мінімум каандынатар, які здаваў подпісы і нясе за іх адказнасць, можа падаваць скаргу на рашэнне раённай ТВК аб непрызнанні подпісаў, і такая скарга павінна разглядаць абласнымі, альбо г. Мінска ТВК, з запрашэннем заяўніка і з правам знаёміцца з матэрыяламі справы”.