Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Камунальныя паслугі аплачвае своечасова". Хто будзе лічыць галасы на выбарах прэзідэнта?

У Беларусі распачаўся важны этап выбарчай кампаніі – фарміраванне ўчастковых выбаркамаў. Менавіта чальцы гэтых камісіяў будуць лічыць галасы беларусаў на прэзідэнцкіх выбарах. Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка ажыццяўляў маніторынг за фарміраваннем 122 УВК у Мінску. У адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска ўчастковыя выбаркамы фарміруюць два дні, бо гэты раён – самы вялікі ў горадзе па колькасці насельніцтва (па афіцыйных дадзеных там пражывае 470 тысяч жыхароў). Каго ўключаюць у склады ўчастковых камісій, якая іх рэпрэзентатыўнасць, якія патрабаванні выстаўляюцца да членаў УВК – чытайце ў нашым матэрыяле.

Скрыншот паседжання адміністрацыі Фрунзенскага раёна
Скрыншот паседжання адміністрацыі Фрунзенскага раёна

У якой форме праходзіць паседжанне?

Паседжанне транслюецца на пляцоўцы YouTube. Такое рашэнне было прынята "з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі". Пры гэтым першапачаткова з дзевяці членаў адміністрацыі, якія складаюць кворум, толькі двое былі ў масках, пазней і тыя іх знялі. Як адзначае Аляксей Лойка, з самага пачатку паседжання ніводзін з прысутных чальцоў адміністрацыі не прадставіўся, а твары паловы з прысутных наогул не бачныя. Таму адразу ўзнікаюць сумненні наконт адкрытасці і галоснасці дадзенага паседжання.

Хто вылучаецца ў камісіі?

Наогул у Беларусі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі вылучана 70 190 чалавек. Больш за ўсё чалавек вылучылася ад грамадскіх аб'яднанняў.

Лічыць галасы на выбарах захацелі больш за 70 тысяч беларусаў

Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якіх у Беларусі створана 5723, вылучаныя 70 190 чалавек. З іх больш за траціну — 25 354 чалавекі — не ад працоўных калектываў або грамадскіх аб'яднанняў, а ад групы грамадзянаў шляхам падачы заявы, піша Tut.by.

Пры фарміраванні 122 участковых выбаркамаў сітуацыя па вылучэнні членаў выглядае гэтак жа, як агульная па Беларусі:

  • 27% – палітычныя партыі;
  • 47% – грамадскія аб'яднанні;
  • 23,5%– грамадзяне;
  • 2,5% – працоўныя калектывы.

Якія патрабаванні выстаўляюцца да кандыдатуры члена УВК?

Назіральнік кампаніі Аляксей Лойка распавядае, што ў пачатку паседжання былі агучаны патрабаванні да членаў УВК. На думку членаў адміністрацыі, УВК – гэта часовы працоўны калектыў, таму для кандыдатаў у УВК неабходныя наступныя патрабаванні:

  • вопыт грамадскай дзейнасці;
  • арганізацыйныя здольнасці;
  • уменне працаваць з людзьмі;
  • пазбяганне канфліктных сітуацый.

Таксама былі агучаны прычыны, па якіх грамадзянам адмаўляюць у вылучэнні ў склад УВК: недакладны адрас жыхароў, якія вылучаюць свайго прадстаўніка ў склад УВК; няпоўныя дадзеныя; дакументы не адпавядаюць нумару УВК; подпісы грамадзян не аформленыя ў храналагічным парадку; адна і тая жа група вылучыла розныя асобы; у падтрымку асобы, якая вылучаецца ў склад УВК, падпісалася менш за 10 чалавек.

Як адзначае Аляксей Лойка, ужо традыцыйна ў Фрунзенскім раёне ў склад УВК сваіх прадстаўнікоў вылучылі: Беларускі саюз жанчын, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, БРСМ, Белая Русь, Беларуская аграрная партыя, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускі Фонд міру, Камуністычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў.

Некалькі працоўных калектываў вылучылі сваіх прадстаўнікоў: траўматалагічнае аддзяленне паліклінікі №2, жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак №1, камунальнае прадпрыемства Эксплутацыйнае аб'яднанне №2, Аддзел маркетынгу прадпрыемства "Светапрыбор", Рэмаўтадор.

Пры гэтым прадстаўнікам палітычных партыяў і грамадзянаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, было адмоўлена ва ўключэнні ў УВК.

"Першы дзень фарміравання учасковой камісіі паказвае, што ва УВК не знайшлося месца для прадстаўнікоў БСДП «Грамада», БНФ «Адраджэньне», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, а таксама вылучаных ад грамадзян асобам, якія, на думку членаў адміністрацыі, не далі звестак аб досведзе працы ва ўчастковых выбарчых камісіях. Паўстае рытарычнае пытанне, а адкуль у людзей, якіх вылучылі грамадзяне, будзе досвед працы ва ўчастковай камісіі пры такім жорсткім адборы?" – каментуе сітуацыю Аляксей Лойка.

Дык якія людзі ў выніку будуць лічыць галасы на выбарах?

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка прыводзіць вытрымкі з характарыстык, якія гучалі на паседжанні ў дачыненні да людзей, уключаных у склад 122 участковых камісій у Фрунзенскім раёне Мінска:

  • "камунальныя паслугі аплачвае своечасова, да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася";
  • "заўсёды ўважліва ўнікае ў праблемы жанчын";
  • "з'яўляецца актыўным удзельнікам палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне";
  • "сістэматычна працуе над сабой, мае ўстойлівую жыццёвую пазіцыю";
  • "з'яўляецца ветэранам выбарчай сістэмы, перадае вопыт маладым";
  • "вядзе здаровы лад жыцця";
  • "адрозніваецца спартыўнай выпраўкай";
  • "мае дастатковы палітычны кругагляд";
  • "вядзе вялікую тлумачальную працу па выкананні выбарчага заканадаўства";
  • "удасканальвае веды выбарчага заканадаўства";
  • "валодае трывалымі ведамі Выбарчага заканадаўства";
  • "сочыць за зменамі выбарчага заканадаўства";
  • "пастаянна вывучае выбарчае заканадаўства";
  • "Маріванна валодае агульнай эрудыцыяй";
  • "цалкам прытрымліваецца карпаратыўных нормаў і правілаў";
  • "у экстрэмальных сітуацыях праяўляе самаадданасць";
  • "мае шырокія пазнання выбарчага заканадаўства";
  • "мае ўпэўненыя жыццёвыя арыенціры, палітычна адукавана і кампетэнтна";
  • "паважліва ставіцца да дзяржаўнай палітыкі";
  • "упэўнена арыентуецца ў выбарчым заканадаўстве";
  • "ведае тэрыторыю выбарчага ўчастка".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары