Назіральнік пра праверку подпісаў: Члены камісіі слаба ўяўляюць усю сур'ёзнасць працэдуры
Пасля заканчэння збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі тэрытарыяльныя камісіі прыступаюць да працэдуры праверкі падпісных лістоў. Як стала вядома 22 чэрвеня, ЦВК не паведаміць, колькі подпісаў здалі прэтэндэнты ў кандыдаты, хаця раней Лідзія Ярмошын абяцала назваць лічбы.
Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" наведалі першыя пасяджанні выбаркамаў, на якіх вызначалася працэдура праверкі подпісаў. Колькі подпісаў на праверку прымалі выбаркамы, ці змогуць прысутнічаць на праверках подпісаў незалежныя назіральнікі – чытайце ў нашым матэрыяле.
Колькі подпісаў і ў падтрымку каго будуць правяраць выбаркамы?
Ярмошына: «Сем чалавек здалі подпісы на праверку»
20 чэрвеня ў суботу адбылося паседжанне Фрунзенскай выбарчай камісіі ў Мінску. На паседжанні гэтага выбаркама прысутнічаў назіральнік "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка. На парадку дня была арганізацыя работы па праверцы дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і парадак адбору падпісных лістоў для праверкі.
З самага пачатку пасяджэння Фрунзенскай раённай у г. Мінску камісіі па выбарах Прэзідэнта старшыня камісіі Аляксандр Хіжняк двойчы акцэнтаваў увагу членаў камісіі на тое, што пры праверцы подпісаў неабходны аднастайны падыход да ўсіх прэтэндэнтаў, якія здалі подпісы грамадзян. Гэта неабходна, па словах старшыні камісіі, для стварэння роўных умоваў для ўсіх асоб, якія вылучаюць сваю кандыдатуру. Адзін з членаў камісіі прапанаваў парадак, у адпаведнасці з якім будуць адбірацца падпісныя лісты для праверкі. Старшыня камісіі спыніў яго і сказаў, што цяпер ідзе зацвярджэнне парадку дня. Аляксей Лойка лічыць, што "такі фальстарт сведчыць аб тым, што члены камісіі слаба ўяўляюць усю сур'ёзнасць працэдуры, у якой яны прымаюць удзел, паказвае адсутнасць у іх усвядомленасці".
"Па выніках прысутнасці на чатырох паседжаннях вельмі прыкметна, што сябры камісіі заразней вызначаюць асобу, якая завучвае прапанову і агучвае яго на паседжанні", – адзначае назіральнік.
Аляксандр Хіжняк агучыў колькасць здадзеных у Фрунзенскую камісію для праверкі подпісаў. За вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты подпісы здадзеныя ў наступнай колькасці за:
- Віктара Бабарыку – 9.5 тыс;
- Аляксандра Лукашэнку – 4.5 тыс;
- Валерыя Цапкала – 2.5 тыс;
- Ганну Канапацкую – 1.7 тыс;
- Сяргея Чэрачня – больш за 700;
- Андрэя Дзмітрыева – больш за 600.
Таксама 20 чэрвеня адбылося пасяджэнне Салігорскай ТВК па праверцы здадзеных падпісных лістоў ініцыятыўных груп Цапкалы, Ціханоўскай, Бабарыкі, Лукашэнкі, Дзмітрыева.
Па выніках праверкі падпісных лістоў прынята да далейшай праверкі:
- Цапкала – 1006 подпісаў;
- Ціханоўская – 2173 подпісаў;
- Бабарыка – 4969 подпісаў;
- Лукашэнка – 18967 подпісаў;
- Дзмітрыеў – 285 подпісаў.
Аднак, як адзначае назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Мархотка, у Салігорску за ўвесь час збору подпісаў былі заўважаныя пікеты толькі за вылучэнне Цапкалы, Ціханоўскай, Бабарыкі.
"Пікетаў па зборы подпісаў за Лукашэнку не было. Таксама невядома ніводнага выпадку абыходу кватэр з мэтай збору подпісаў. Збор подпісаў за Лукашэнку адбываўся на прадпрыемствах і ў арганізацыях Салігорска і раёна ў працоўны час. Адміністрацыйны рэсурс пад кантролем Салігорскага райвыканкама выкарыстаны на 100%", – распавёў Леанід Мархотка.
Па інфармацыі назіральніка Алеся Капуцкага, у Вілейскі выбаркам былі здадзены для праверкі падпісныя лісты ініцыятыўных групаў Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Бабарыка.
У апошні дзень подпісаў 19 чэрвеня Маладзечанскі выбаркам наогул не пусціў у сабе кабінет назіральнікаў. Як распавяла назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аліна Баланчук, сакратарка камісіі выйшла да іх ў фае з кнігай, з якой зачытала, за вылучэнне каго былі здадзеныя падпісныя лісты. Аднак менавіта колькі подпісаў было здадзена – паведамляць адмовіліся.
«Назіральнікаў проста не ўпусцілі ў кабінет, дзе праходзіла паседжанне выбаркаму», – распавяла назіральніца.
Вядома, што сябры Маладзечанскага выбаркама будуць правяраць подпісы за вылучэнне шасці кандыдатаў.
Паводле інфармацыі назіральніка Эдуарда Баланчука, у выбаркам Валожынскага раёна былі пададзеныя падпісныя лісты за Аляксандра Лукашэнку (9044 подпісаў), Віктара Бабарыка (1238), Валерыя Цапкала (209).
Ці змогуць назіральнікі прысутнічаць на праверцы подпісаў?
Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" загадзя звярталіся з заявамі з просьбай даць ім магчымасць прысутнічаць пры праверцы падпісных лістоў. Аднак выбаркамы лічаць, паколькі працэдура назірання за подпісамі прама не прадугледжана заканадаўствам, то назіральнікам варта адмовіць.
Так, Фрунзенская выбарчая камісія мяркуе, што "назіральнік мае права прысутнічаць на паседжэані камісіі, падчас якога разглядаюцца пытанні парадку адбору падпісных лістоў для праверкі, а таксама ўстанаўленне колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы ў падтрымку прапановы аб вылучэнні кандыдата".
Старшыня камісіі Аляксандр Хіжняк паведаміў назіральніку, што артыкул 13 Выбарчага кодэкса не прадугледжвае магчымасці для назіральніка прысутнічаць непасрэдна пры праверцы подпісаў. Аляксандр Хіжняк таксама спаслаўся на тое, што такой магчымасці не прадугледжана заканадаўствам, паколькі члены камісіі працуюць з персанальнымі дадзенымі грамадзян і ў выпадку іх уцечкі надыходзіць адміністрацыйная адказнасць.
Аднак, як адзначае Аляксей Лойка, што прычына адмовы назіральніку прысутнічаць пры праверцы подпісаў са спасылкай на абарону персанальных дадзеных не грунтуецца на законе, таму што ў Беларусі ў прынцыпе адсутнічае Закон аб персанальных дадзеных.
"Грамадзяне, перадаючы свае персанальныя дадзеныя ініцыятыўнай групе, прадугледжваюць, што іх пашпартныя дадзеныя будуць перададзеныя няпэўна шырокаму колу асоб. Мэтай назірання за працэдурай выбарчага працэсу з'яўляецца магчымасць ажыццявіць маніторынг таго, ці былі правы грамадзян на ўдзел у кіраванні дзяржавай улічаны з дапамогай вылучэння кандыдатам у прэзідэнты. Улічваючы, што назіральнік мае права абскардзіць парушэнні выбарчай камісіі, назіранне за праверкай подпісаў з'яўляецца інструментам абароны правоў грамадзян, якія могуць быць парушаныя. Для гэтага важна прысутнічаць, каб назіральнік мог назіраць за праверкай подпісаў, зафіксаваць парушэнні і паспрабаваць аднавіць парушанае права, ці ж засведчыць аб'ектыўнасць працы тэрытарыяльнай выбарчай камісіі", – тлумачыць назіральнік Аляксей Лойка, чаму яму незаконна было адмоўлена ў прысутнасці на праверцы подпісаў.
"Выбарчы кодэкс прадугледжвае адзіную форму працы тэрытарыяльнай выбарчай камісіі – паседжанне. Якой-небудзь іншай формы працы камісіі Выбарчы кодэкс не прадугледжвае. Камісія як калегіяльны орган у прынцыпе не можа працаваць інакш, чым у форме паседжання. Праверка подпісаў адбываецца таксама, як і пасяджэнне камісіі з парадкам дня па праверцы подпісаў. Любая іншая форма працы тэрытарыяльнай выбарчай камісіі незаконная. Артыкул 13 Выбарчага кодэкса прадугледжвае права назіральніка прысутнічаць на ўсіх пасяджэннях камісіі", – дадае Аляксей Лойка.
Звяртаўся ў Маладзечанскую і Вілейскую раённыя камісіі з просьбай прысутнічаць на праверцы подпісаў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксандр Капуцкі. Яму прыйшлі два аднолькавыя адказы ад двух розных камісій, дзе пазначана, што "ўдзел назіральнікаў у праверцы падпісных лістоў Выбарчым кодэксам не прадугледжаны".
Праверка подпісаў будзе завершана 30 чэрвеня. Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты для рэгістрацыі павінны прадставіць у ЦВК шэраг дакументаў, у прыватнасці анкету, дэкларацыю аб даходах і маёмасці, да 4 ліпеня. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5-14 ліпеня.