Ярмошына: «Сем чалавек здалі подпісы на праверку»
У выбарах прэзідэнта Беларусі пасля этапу збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты працягваюць удзел сем чалавек, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына 22 чэрвеня.
«Сем чалавек здалі подпісы на праверку», — сказала Ярмошына.
Паводле яе, здалі сабраныя подпісы:
- Аляксандар Лукашэнка, дзейны кіраўнік Беларусі,
- Віктар Бабарыка, экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку»,
- Валер Цапкала, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій,
- Святлана Ціханоўская, жонка блогера Сяргея Ціханоўскага,
- Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў,
- Андрэй Дзмітрыеў, сустаршыня грамадскага абʼяднання «Гавары праўду»,
- Сяргей Чэрачань, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай «Грамада».
Ярмошына таксама адзначыла, што дакладную колькасць здадзеных подпісаў ад кожнага прэтэндэнта ўстановяць па выніках праверкі.
«Праверка будзе завершаная 30 чэрвеня», — удакладніла яна.
Паводле Ярмошынай, на раніцу 22 чэрвеня поўны пакет дакументаў для рэгістрацыі падаў толькі штаб Бабарыкі.
Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты павінны прадставіць у ЦВК шэраг дакументаў, у прыватнасці анкету, дэкларацыю аб даходах і маёмасці, да 4 ліпеня. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5-14 ліпеня.