Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Не для збору подпісаў, а размоваў дзеля. Навошта актывісты "Белай Русі" праводзяць пікеты

Пікет РГА "Белая Русь". Фота з сайта belayarus.by
Пікет РГА "Белая Русь". Фота з сайта belayarus.by

На сайце РГА "Белая Русь" апублікаваныя артыкулы пра тое, як праходзіць збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску. У арганізацыі не хаваюць, што збор подпісаў "адступае на другі план", калі "на першае месца выходзіць жыццё". Тым больш, што "неабходныя 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта ініцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі былі сабраныя літаральна за некалькі дзён".

Навошта ж тады "Белая Русь" праводзіць пікеты?

Так, 16 чэрвеня актывісты "Белай Русі" праводзілі пікет у Маскоўскім раёне сталіцы каля аднайменнага рынку.

"Падчас правядзення пікету прадстаўнікі ініцыятыўнай групы адказвалі на пытанні грамадзянаў па розных напрамках жыцця і жыццядзейнасці раёна. Там жа былі ўсталяваныя закрытыя скрыні: у іх жыхары раёна пакідалі свае прапановы і наказы дзейнаму кіраўніку дзяржавы, – адзначаецца на сайце арганізацыі. – Самі ж подпісы адступаюць на другі план. Як заўсёды, на першае месца выходзіць жыццё".

А 17 чэрвеня пікет у падтрымку дзеючага прэзідэнта прайшоў на пляцоўцы перад будынкам сталічнага аўтамеханічнага каледжа ў Заводскім раёне.

"Наогул, на пікетах і ў грамадскіх прыёмных нашага аб'яднання людзі могуць задаць усе неабходныя пытанні і падзяліцца праблемамі. У выпадку, калі звароты грамадзянаў не будуць тычыцца пажаданняў "арганізаваць палёт на Сонца за вельмі невялікія грошы" і інш., яны безумоўна будуць пачутыя і ўсебакова разгледжаныя", – абяцаюць у "Белай Русі".

18 чэрвеня пікет правялі на бульвары Трактарабудаўнікоў. Там акрамя актывістаў "Белай Русі" размясціліся прадстаўнікі БРСМ, саюза жанчын і Федэрацыі прафсаюзаў.

Старшыня Партызанскай раённай структуры "Белай Русі" Зінаіда Казлоўская лічыць, што "жыхароў раёна зусім не здзіўляюць пікеты", пры гэтым грамадзяне "вітаюць, пазнаюць" пікетоўцаў, ды і "абсалютна давяраюць".

"Так, часам выказваюць набалелае, але бо гэта – нармальна. Мы ўсе жывыя людзі, са сваімі праблемамі і эмоцыямі. А яшчэ многія цяпер кажуць, што гэтая выбарчая кампанія – неверагодна складаная", – прыводзяць словы Казлоўскай на сайце арганізацыі.

Але зусім па-іншаму ўлады ставяцца да падобных размоваў з грамадзянамі на пікетах іншых патэнцыйных кандыдатаў: на сябраў іх ініцыятыўных груп, удзельнікаў пікетаў і часам на іх саміх складаюць адміністрацыйныя пратаколы нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Суды ў сваю чаргу выносяць рашэнні пра штрафы і арышты актывістаў, якія мірна выказваюць сваё меркаванне аб дзеючай уладзе на перадвыбарчых пікетах.

За паўтара месяца – больш за 1300 сутак арыштаў і сотня непад'ёмных штрафаў. Наперадзе новыя суды

На грамадзян працягваюць складаць пратаколы і судзіць за выказванне свайго меркаванне ці нават проста за прысутнасць на мірных акцыях і пікетах па зборы подпісаў.

Пры гэтым раней старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына выказалася аб недапушчальнасці правядзення пікетаў па зборы подпісаў у фармаце, калі да пікету ініцыятыўных групаў і зборшчыкаў подпісаў выстройваліся вялікія чэргі, а сябры ініцыятыўных груп выступалі перад прысутнымі. На думку Л. Ярмошынай "пікеты па зборы подпісаў прадугледжваюць толькі гэта, а не якія-небудзь публічныя выступы".

Аналітыкі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаюць, што парадак збору подпісаў сябрамі ініцыятыўных групаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў устаноўлены арт. 61 ВК, але паняцце "пікетаванне" вызначаецца ў адпаведнасці з Законам "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь":

Пікетаванне – публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзянаў грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту (без шэсця), у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем ці без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў. Да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзянаў у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў або пратэсту.

Якіх-небудзь абмежаванняў па колькасці ўдзельнікаў на пікеце, яго тэматыцы і форме выказвання меркавання выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары