Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 1 - 7 чэрвеня 2020 года
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Высновы
- За азначаны перыяд справаздачы працягваўся актыўны збор подпісаў ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Сярод патэнцыйных кандыдатаў найбольшую ўвагу выбаршчыкаў і СМІ, як і раней, прыцягваюць патэнцыйныя кандыдаты Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Святлана Ціханоўская;
- Асаблівую негатыўную рэакцыю ўладаў, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы, выклікалі пікеты па зборы подпісаў, якія праводзяцца ініцыятыўнай групай па вылучэнні С. Ціханоўскай, а дакладней камандай блогера і кіраўніка дадзенай ініцыятыўнай групы Сяргеем Ціханоўскім;
- У розных гарадах краіны на працягу тыдня адбываліся масавыя затрыманні і арышты актывістаў апазіцыйных груп, у тым ліку сябраў ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскай. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, а менавіта ў пікетах па зборы подпісаў, якія адбываліся ў незабароненых рашэннямі мясцовых выканаўчых органаў улады месцах. Эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць, што пікеты па зборы подпісаў праводзіліся ў адпаведнасці з арт. 61 ВК і з выкананнем патрабаванняў аб забароне раздачы друкаваных і іншых агітацыйных матэрыялаў пры іх правядзенні;
- Ад моманту затрымання на пікеце па зборы подпісаў у Гродна 29 мая блогер С. Ціханоўскі і яшчэ сем чалавек (чацвёра з іх сябры ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскай) знаходзяцца ў СІЗА г. Мінска у якасці падазраваных па крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, пры гэтым у межах распачатай справы адбываюцца актыўныя следчыя дзеянні: допыты сведак, ператрусы ў прыватных і службовых памяшканнях як самога С. Ціханоўскага, так і ягоных прыхільнікаў. Дадзеная крымінальная справа актыўна асвятляецца ў дзяржаўных СМІ;
- 4 чэрвеня кіраўнік дзяржавы выступіў з чарговымі рэзкімі негатыўнымі выказваннямі ў адрас сваіх апанентаў. Дадзены выступ трансляваўся па дзяржаўных тэлеканалах;
- Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы суправаджаецца шматлікімі паведамленнямі аб актыўным выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу: збор подпісаў з непасрэдным удзелам адміністрацый арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў (у тым ліку аховы здароўя і адукацыі) на працоўных месцах, у тым ліку ў працоўны час;
- ЦВК адмовіла ў задавальненні скаргі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам В. Бабарыкі на парушэнні выбарчага заканадаўства пры зборы подпісаў ініцыятыўнай групай па вылучэнні А. Лукашэнкі. Пры гэтым эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць фармальны характар разгляду і селектыўныя падыходы ЦВК да трактоўкі некаторых нормаў выбарчага заканадаўства на карысць аднаго з патэнцыйных кандыдатаў: нормаў ВК, якія забараняюць удзел адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў (ч.10. арт 61 ВК);
- Эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць каардынальна іншыя падыходы ЦВК да пытання магчымасці правядзення агітацыі да рэгістрацыі кандыдатаў падчас селетняй выбарчай кампаніі ў параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі. ЦВК варта выпрацаваць адзіныя правілы для ўсіх кандыдатаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў і ўладных паўнамоцтваў з мэтай недапушчэння дыскрымінацыйных падыходаў у ацэнцы вядзення выбарчай кампаніі рознымі суб'ектамі.
- У цэлым прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць працяг тэндэнцыі павелічэння рэпрэсій у выбарчы перыяд, у тым ліку супраць непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі, і нагнятанне ўладамі напружанасці і атмасферы страху ў грамадстве.
Files
- tydnevaja-1-7.06.bel.pdf (0.87 Mb)