Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзірк Шубель занепакоены дзеяннямі супраць Бабарыка і спадзяецца, што органы расследуюць пагрозы ў адрас Ціханоўскай

Зараз, калі Беларусь уступае ў кампанію па выбарах прэзідэнта, асабліва важна, каб асноўныя правы і свабоды былі цалкам выкананыя. Вельмі важна, каб улады Беларусі забяспечылі ўмовы, у якіх было б магчыма канструктыўнае і канкурэнтнае палітычнае суперніцтва. Такое меркаванне ў каментары TUT.BY выказаў пасол Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель.

Дзірк Шубель. Фота TUT.BY
Дзірк Шубель. Фота TUT.BY

"У гэтых абставінах мы занепакоеныя нядаўнімі дзеяннямі, распачатым супраць Віктара Бабарыка, і заклікаем да поўнага захавання законнасці і празрыстага расследавання. Спадзяюся таксама, што праваахоўныя органы расследуюць ананімныя тэлефонныя пагрозы, якія паступілі ў адрас патэнцыйнага кандыдата, Святланы Ціханоўскай, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці", — сказаў Шубель.

Пасол ЕС занепакоены і паведамленнямі аб выпадках жорсткага абыходжання з боку сілаў правапарадку, а таксама аб дрэнных умовах утрымання асобаў, арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў перыяд з 6 траўня па 10 чэрвеня. Ён заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх адвольна затрыманых актывістаў і цалкам выконваць свае міжнародныя абавязацельствы па Канвенцыі ААН супраць катаванняў, удзельнікам якой з'яўляецца Беларусь.

"Такія крокі будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі і ўмацаванню яе суверэнітэта і незалежнасці. Як адзначалася ў сумеснай заяве ЕС, Вялікабрытаніі і ЗША два тыдні таму, з апорай на станоўчы вопыт супрацоўніцтва на працягу апошніх трох гадоў, то, як пройдуць гэтыя выбары, будзе мець ключавое значэнне для далейшага развіцця адносін паміж ЕС і Беларуссю", — адзначыў Дзірк Шубель.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары