Ціханоўская заявіла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі не спыніць выбарчую кампанію
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Святлана Ціханоўская 16 чэрвеня прыслала "Радыё Свабодзе" відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах, піша "Радыё Свабода".
«Я знаходжуся ў Гомелі, я прыехала сюды, каб пачаць здаваць подпісы, сабраных у маю падтрымку, і на парозе адной з адміністрацыяў мне паступіў званок з пагрозамі на мой адрас і на адрас маіх дзяцей з умовай таго, што я не павінна працягваць гэтую паездку, — кажа яна. — Перада мною стаіць выбар: дзеці ці далейшая барацьба, думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменьнем паставіцца да любога майго рашэньня. Хачу сказаць, што калі б Сяргей быў на волі, ён бы сказаў вам не здавацца».
Цяпер, кажа Ціханоўская, яна вагаецца, якое прыняць рашэньне, бо «дзеці даражэйшыя за ўсё». Подпісы яна пакуль не здавала. Нумар, з якога тэлефанавалі, быў з украінскім кодам.
Днём раней Ціханоўская расказала Свабодзе, што за яе вылучэнне кандыдаткай у прэзыдэнты сабралі 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі.