Светлагорская ТВК адмаўляе факты выкарыстання адмінрэсурсу на прадпрыемствах горада
Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” са Светлагорску Алена Маслюкова атрымала адказ з раённай выбарчай камісіі на свой зварот наконт выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў на вылучэнне ў якасці кандыдата дзеючага кіраўніка дзяржавы.
У прыватнасці, назіральніца звяртала ўвагу на тое, што на такіх прадпрыемствах, як РУП ВА “Хімвалакно”, Вышкамантажнае упраўленне РУП “Вытворчае аб’яднанне Беларуснафта” і Цэлюлозна-картонны камбінат адбываецца ціск на патэнцыйных выбаршчыкаў, работнікаў дадзеных прадпрыемстваў. Іх прымушаюць ставіць подпіс за прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Алена Маслюкова ў сваім звароце папрасіла Светлагорскую выбарчую камісію правесці праверку па гэтым факце.
У адказе камісіі адзначаецца, што самі работнікі ўзгаданых прадпрыемстваў не звярталіся ў камісію наконт прымусу да збору подпісаў і ўдзелу адміністрацый у гэтым працэсе. Апроч таго старшыня Светлагорскай ТВК Канстанцін Пятроўскі сцвярджае, што камісія апытала сябраў ІГ Лукашэнкі, якія збіралі подпісы каля прадпрыемстваў, і работнікаў, якія праходзілі міма прахадных. І ўсе яны адказалі, што збор подпісаў адбываўся ў непрацоўны час і ў добраахвотным парадку.
Аналагічны зварот Алена Маслюкова накіравала ў пракуратуру, аднак адтуль адказу яшчэ няма.
Варта адзначыць, што назіральніца атрымлівала шматлікія паведамленні наконт таго, што менавіта пасля візіту на прадпрыемствы старшыні Светлагорскай выбарчай камісіі Канстанціна Пятроўскага і пачынаўся прымус падпісвацца за Аляксандра Лукашэнку.