«Ці паважаю я свайго дэкана?» Беларусы распавядаюць, як адбываецца збор подпісаў за Лукашэнку
Днямі на адзіным за ўвесь час у Мінску пікеце па збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда заявіў, што за вылучэнне дзеючага прэзідэнта сабрана каля мільёна подпісаў. Кампанія незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары” тыдзень таму запусціла форму збору фактаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры вылучэнні ў кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах-2020. За гэты час праваабаронцам паведамілі ўжо каля сотні фактаў па ўсёй Беларусі, калі прымушаюць падпісвацца за вылучэнне ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі.
Збор інфармацыі аб фактах прымусу ставіць подпіс за вылучэнне кандыдата па месту працы ці вучобы
Як правіла, прымусы зыходзяць ад кіраўнікіоў вучэбных установаў і дзяржаўных прадпрыемстваў пад пагрозай звальнення, непадаўжэнняў кантрактаў, не здачай экзаменаў, падманами, маніпуляцыімі і іншымі спосабамі. Вось, што нам распавядаюць беларусы, многія з якіх гатовыя выступіць сведкамі ў выпадку судовага разбіральніцтва па гэтых фактах:
Мінск
- БДУ, факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі
«Просяць падыходзіць да дэкана з пашпартам для прастаўлення подпісу за Лукашэнку. У выпадку няяўкі — пагроза непадаўжэння кантракту».
- «Мінскі аўтамабільны завод»
«Начальнік раздае на кожны з участкаў падраздзялення падпісныя лісты за дзеючага прэзідэнта. У іх павінны ўпісацца тыя людзі, якія прапісаны ў Заводскім раёне Мінска».
- «Мінскі трактарны завод»
«Перад прыездам Лукашэнкі ўсіх нас апавясцілі, каб не высоўваліся. На сустрэчу дапусцілі толькі самых давераных, усе астатнія — масоўка, якая прыехала разам з ім. Падпісвацца за Лукашэнку прымушалі пад пагрозай санкцый».
- «Атлант»
«31 мая прымушалі ставіць подпіс за Лукашэнку пасля абеду (каля 13:00), нежаданне падпісваць спынялася словамі "Ты што, хочаш каб мяне знялі?»
- Ваенная Акадэмія
«За адмову падпісацца за Лукашэнку пагражалі пакараннем або адлічэннем па выніках сесіі. Усяго ў Акадэміі прызначалі чатыры афіцэры, якія хадзілі падчас заняткаў або выклікалі да сябе для пакідання подпіса».
- «Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407»
«Моўчкі, без тлумачэнняў папрасілі падысці ў аддзел кадраў. Па прыходзе ўсё ўжо было запоўнена, супрацоўнік аддзелу кадраў папрасіў паставіць дату і подпіс насупраць свайго прозвішча, нічога пры гэтым не каментуючы. Пасля пытання: "А што гэта такое?" — у адказ цішыня. І толькі пасля прамога пытання — ледзь чутны адказ, што за Лукашэнку. Нічым не пагражалі, але канфлікты здараліся».
Гродненская вобласць
- Ваўкавыск, ПМК-143
«Аддзел кадраў і сакратар дырэктара прымушалі падпісацца ўсіх работнікаў, пашпартныя дадзеныя ўжо выпісаныя з дамоваў».
- Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, лячэбны факультэт
«Прафсаюз студэнтаў у універсітэце абавязаў паставіць подпісы».
- Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, медыка-дыягнастычны факультэт
«У інтэрнаце збіралі подпісы за Лукашэнку з намёкам "каб не было праблем з засяленнем у наступным годзе"».
- Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, інтэрнат №5
«Хадзілі па пакоях выхавальнікі і прасілі нашыя пашпарты, для таго каб перапісаць асабістыя дадзеныя з пашпарта, аргументуючы тым, што гэта трэба для галасавання за кандыдата (зразумела якога), але яны імя не казалі. Натуральна, пашпарт не дала».
- Сярэдняя школа №11 г. Гродна
«Дырэктар Марына Пятроўна Кароза выклікала ўсіх супрацоўнікаў установы адукацыі асабіста да сябе ў кабінет і пад пагрозай непрацягнення кантракту прымушала ставіць подпіс за А. Г. Лукашэнку».
Віцебская вобласць
- Наваполацк, УДА «Палац дзяцей i моладзi»
Паведамляецца, што на сваёй нарадзе дырэктар А.Г. Садоўская збірала подпісы за Лукашэнку.
- Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж, усе групы
«Усе выкладчыкі збіраюць пашпарты, каб прагаласаваць за Лукашэнку. Ставяць адзнакі за гэта, кажуць, што лягчэй будзе здаваць справаздачу, і гэтак далей».
- «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт», усе групы
«Пагражалі пераздачай ці не здачай экзамену».
Магілёўская вобласць
- Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова, факультэт эканомікі і права
«Выклікалі ў дэканат і спыталі, ці "паважаю я свайго дэкана, ён у ініцыятыўнай групе і не хачу я падпісаць за Лукашэнку?»
- Магілёўскі вагонабудаўнічы завод
«Сярод працоўнага дня (прыкладна ў 11:30), 27 траўня нам было прапанавана паставіць подпіс за А. Р. Лукашэнку».
- Магілёў, школа №23
«Усіх настаўнікаў прымусілі сказаць свае пашпартныя дадзеныя, а таксама пашпартныя дадзеныя ўсіх іх сваякоў, подпісы ставіць нікому не трэба, за ўсіх паставілі самі. Я, як сваяк настаўніка, проста даведаўся, што школе патрэбныя мае пашпартныя дадзеныя і мне не трэба нікуды ісці, а настаўніку, майму сваяку, пагражае штраф, калі я не дам інфармацыю аб пашпарце».
- УАЗ «Чавускі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»
«2 чэрвеня галоўны лекар Гаўрыленка Е. В. сказаў, што прыменіць розныя меры да тых, хто не паставіць подпіс».
Гомельская вобласць
- Гомельскае ААТ «Крышталь»
«Без ведама работнікаў з аддзела кадраў было ўзята 300 асабістых картак з асабістымі звесткамі для запаўнення ў падтрымку дзейнага прэзідэнта А. Г. Лукашэнкі».
- Калінкавічы, «Палескі дзяржаўны аграрны каледж»
«Не падпісваюць абыходныя для атрымання дыплома не паставіўшы подпіс».
«Ястрэмская прымушала падпісвацца за Лукашэнку, ці не атрымаем залікі па сесіі».
- Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж
«З 25 траўня ўвесь тыдзень (да 30 траўня) хадзіла з падпіснымі лістамі метадыст каледжа Іна Андрэеўна, і прымушала ўсіх работнікаў падпісвацца за Лукашэнку».
ВАЖНА: выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў, а таксама ціск, прымус і заахвочванне пры зборы подпісаў за пэўнага кандыдата з'яўляецца парушэннем дзеючага заканадаўства. За гэта прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Памятайце, вы не абавязаныя пакідаць свае подпісы за вылучэнне ў кандыдаты, калі не хочаце гэтага рабіць. Гэта ваша канстытуцыйнае права.
Калі вас прымушаюць падпісацца за вылучэнне кандыдата па месту працы ці вучобе або адбываецца ціск іншымі спосабамі — запаўняй ФОРМУ. Гэтая інфармацыя наблізіць наступ сумленных і свабодных выбараў.
Збор інфармацыі аб фактах прымусу ставіць подпіс за вылучэнне кандыдата па месту працы ці вучобы
"Можна проста пашпартныя дадзеныя". Як збіраюць подпісы за вылучэнне Лукашэнкі
Што рабіць, калі на вучобе або працы просяць "упісацца за кандыдата"?
Абвяшчаем набор назіральнікаў за выбарамі! Запоўні анкету