Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Што рабіць, калі на вучобе або працы просяць "упісацца за кандыдата"?

Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" вядомыя ўжо некалькі выпадкаў, калі кіраўнікі дзяржустаноў прасілі сваіх падначаленых прынесці пашпарты, каб паставіць подпісы за асобу, якая вылучаецца кандыдатам. Як адзначаюць праваабаронцы, у Беларусі выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, калі на дзяржпрадпрыемствах і ў навучальных установах прымушаюць падпісвацца за пэўных кандыдатаў або асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі, з'яўляецца адной з самых вялікіх праблем пры зборы подпісаў. Ці законна гэта і што рабіць у падобнай сітуацыі, распавёў юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка.

Юрыст Праваабарончага цэнтра
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка. Фота: spring96.org

"Сітуацыя, калі супрацоўнікаў дзяржаўных арганізацый прымушаюць да ўдзелу ў зборы подпісаў, як з дапамогай збору подпісаў, калі яны не з'яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп, так і калі іх прымушаюць ставіць свой подпіс у падтрымку асобы, якая вылучаецца ў кандыдаты, пад пагрозай якіх-небудзь санкцый, з'яўляецца недапушчальным. Пры гэтым яна выкарыстоўваецца ўладамі з адной выбарчай кампаніі да наступнай. Практыка паказвае, што Цэнтральная камісія такія скаргі пакідае без увагі, эфектыўныя сродкі прававой абароны ад такіх парушэнняў адсутнічаюць", — распавядае юрыст.

Што кажа закон?

Паводле часткі 10 артыкула 61 Выбарчага кодэкса, удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу, не дапускаюцца. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі або адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты.

Звяртайся да праваабаронцаў і журналістаў

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" раіць тым, хто апынуўся ў падобнай сітуацыі, звяртацца да праваабаронцаў у сваіх рэгіёнах і апублічваць такія факты ў сродках масавай інфармацыі:

"Для грамадзянаў, якіх прымушаюць пакідаць свае подпісы або збіраць подпісы за асоб, якія вылучаюцца ў кандыдаты, калі яны не з'яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы, можна парэкамендаваць звяртацца за дапамогай да праваабаронцаў. У такім выпадку такія факты недапушчальна пакідаць без увагі, іх неабходна даводзіць да агульнага ведама. Мяркую, што ў нашых умовах толькі такія формы абароны могуць спыніць ціск адміністрацыі і спыніць найгрубейшае і абуральнае парушэнне канстытуцыйных правоў супрацоўнікаў арганізацый, а таксама студэнтаў", — тлумачыць магчымыя дзеянні ў такіх сітуацыях юрыст.

А што можа пагражаць тым, хто прымушае ставіць подпісы?

Як патлумачыў юрыст Аляксей Лойка, за парушэнне заканадаўства аб выбарах грамадзян прадугледжаная як адміністрацыйная адказнасць, так і крымінальная.

Да 15 базавых

Згодна з артыкулам 9.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне заканадаўства аб выбарах можа цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 15 базавых велічыняў. Калі ў дзеяннях таго, хто парушыў заканадаўства, не быў ўгледжаны склад крымінальнага злачынства.

Пазбаўленне волі да 5 гадоў

У адпаведнасці з артыкулам 192 Крымінальнага кодэкса падлог дакументаў па выбарах, альбо іншае скажэнне вынікаў галасавання, учыненыя асобай, якая ўваходзіць у склад выбарчай камісіі або іншай асобай, якая прымае ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, альбо падробка дакументаў пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, учыненныя службовымі асобамі дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і іншымі асобамі,

караюцца штрафам, або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Калі вы апынуліся ў падобнай сітуацыі, інфармуйце кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары" па электроннай пошце elections2020@spring96.org.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары