"Сяляне на мітынгі ездзіць не будуць ніколі", — дырэктарка калгасу
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць маніторыць раённыя газеты Беларусі на прадмет асвятлення выбарчых падзей. Назіральнікі адзначаюць, што калі ў раёнках размяшчаецца выбарчая інфармацыя, то яна носіць, як правіла, агітацыйны характар.
Так, у суботнім нумары раёнкі "Навіны Старадарожчыны" ад 6 чэрвеня на першай старонцы надрукаваная частка інтэрв'ю дырэктаркі ТАА "Прафітагра" (калгас у вёсцы Церабуты) Лімы Пархімовіч з карэспандэнтам дзяржаўнага тэлебачання СТВ. У артыкуле прасочваецца агітацыя за дзеючага прэзідэнта краіны і крытыка выбарчых кампаній альтэрнатыўных вылучэнцаў. Словы дырэктаркі калгаса нагадваюць справаздачу за дзеянні ўсіх работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Нагадаем, што ўдзел у выбарах з'яўляецца свабодным і добраахвотным, ніхто не мае права ўплываць на грамадзяніна з мэтай прымусіць яго да ўдзелу ці неўдзелу ў выбарах, а таксама на яго свабоднае волевыяўленне. Хаця Ліма Пархімовіч у артыкуле адзначае, што пытанне "з кім ісці далей" агаворваецца з іх спецыялістамі і работнікамі:
"Мы бачым у некаторых выпадках падтасаваны піяр, штучна створаны... Паверце мне, што селяніны на гэтыя мітынгі дакладна ездзіць не будуць ніколі", – адзначае дырэктарка "Прафітагра".
Гутарка ў гэтым артыкуле нібы ідзе ўжо непасрэдна пра галасаванне, бо ўжываюцца такія выразы як "нам не абыякава, хто будзе кіраваць краінай", "я лічу, што людзі сяла аддадуць свае галасы...". Таксама ў артыкуле некалькі сказаў прысвечаны самастойнасці прыняцця рашэнняў:
"Калі яны [селяне – заўв.] прымаюць рашэнні, то яны прымаюць рашэнні самастойна. Ніхто іх не абавязвае, ніхто іх не прымушае, ніхто ніякім піярам не зачароўвае. І ніякіх грошаў ім плаціць не будуць. Таму што гэтыя людзі – аграрны сектар – ведаюць, што дзяржава на сённяшні дзень уклала немалыя грошы ў развіццё APK, створаны даброты. Чаго мы яшчэ хочам больш?"
Як ужо адзначалі назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", уладныя і праўладныя СМІ выразна скіраваны на ўхваленне цяперашняга кіраўніка дзяржавы, яго палітыкі і ўсебаковую дыскрэдытацыю яго апанентаў.
А што пішуць іншыя раёнкі Беларусі?
Праўладныя СМІ Гарадзеншчыны: "у бой" кінуты ўсе агітацыйныя сілы
Як асвятляюць выбары сайты раённых газет Берасцейшчыны