Вылучэнка ў кандыдаткі патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да крымінальнай адказнасці за дыскрымінацыю жанчын
Прэтэндэнтка на пасаду прэзідэнта, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Вольга Кавалькова 4 чэрвеня звярнулася ў Следчы камітэт з заявай аб прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці паводле артыкулу 190 Крымінальнага кодэксу («Парушэнне раўнапраўя грамадзян»), піша "Радыё Свабода" са спасылкай на БелПАН.
У заяве Кавалькова піша, што Лукашэнка 29 траўня падчас наведвання МТЗ дапусціў «выразы дыскрымінацыйнага характару ў дачыненні да жанчын» і звяртае ўвагу, што гэта «не першыя публічныя дыскрымінацыйныя словы ў адрас жанчын ад Аляксандра Лукашэнкі»:
- «Прэзыдэнцкае крэсла прадстаўніцы слабога полу» ён бы «не саступіў», бо «гэта не жаночая, цяжкая справа» (заява 7 кастрычніка 2011 году на прэс-канфэрэнцыі расейскім СМІ).
- «У нас у прэзідэнта паўнамоцтваў куча — ад бяспекі да эканомікі, якія пакуль чалавек у спадніцы не зможа, напэўна, выконваць» (11 кастрычніка 2015 году падчас размовы з журналістамі на выбарчым участку).
- «Мы, славяне, не вельмі ўспрымаем, калі жанчына-прэзыдэнт. Гэта чыста мужчынская прафэсія. Не трэба вам у гэтыя прэзідэнты лезці, гэта бяда, гора, не дай бог» (скарочаная цытата).
У заяве Кавалькова спасылаецца на:
- Артыкул 22 Канстытуцыі, які абвяшчае, што «ўсе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў».
- Артыкул 32 Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што «жанчынам забяспечваецца даваньне роўных з мужчынамі магчымасцяў у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і прасоўванні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоваў для аховы іх працы і здароўя».
- Артыкул 80 Асноўнага закону: «прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі».
- Артыкул 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю, дзе гаворыцца, што «ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону закона».
«Заявы Аляксандра Лукашэнкі ў адрас мяне як жанчыны і ўсіх жанчын зяўляюцца наўмысным усталяваннем пераваг грамадзян у залежнасці ад полу і прычынілі істотную шкоду маім канстытуцыйным правам і свабодам», — адзначае Кавалькова ў заяве.
Гэтыя выказванні парушаюць раўнапраўе грамадзян, за што прадугледжаная крымінальная адказнасць згодна з артыкулам 190 Крымінальнага кодэксу Беларусі, сцвярджае Кавалькова.
Раней за выказванне пра «Канстытуцыю не пад жанчыну» на Лукашэнку ўжо паскардзіліся ў Цэнтральную выбарчую камісіі, аднак яе старшыня Лідзія Ярмошына палічыла, што для вынясення папярэджання Аляксандру Лукашэнку за гэтыя выказванні «няма прававых падстаў».
У ЦВК адказалі на "шматлікія звароты" з-за выказванняў Лукашэнкі наконт жанчын