Бярозаўскі суд не задаволіў скаргу аб неўключэнні Тамары Шчапёткінай у склад выбарчай камісіі
У судзе Бярозаўскага раёна адбылося пасяджэнне, на якім выбаршчыкі абскарджвалі неўключэнне журналісткі і сябры БНФ Тамары Шчапёткінай у склад раённай выбарчай камісіі.
Выбаршчыкі сваімі подпісамі шляхам падачы заявы вылучалі Шчапёткіну ў камісію, але ў які раз запар яна туды не трапіла. Падстава – адсутнасць досведу працы ў камісіі.
Суд праходзіў у памяшканні тарнага завода за горадам. Ён там размешчаны часова ў сувязі з рамонтам будынку суда.
Пасяджэнне вяла старшыня суда Наталля Вакульчык, прычым па-беларуску. Яна задаволіла хадайніцтва адной з заяўніц скаргі, каб у Тамары Шчапёткінай была магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад Бярозаўскай раённай камісіі: пратаколамі сходаў адпаведных структур палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, заявамі грамадзянаў - і ўласнаручна зрабіць фотакопіі гэтых матэрыялаў.
Аднак у задавальненні самой скаргі суддзя адмовіла. Цікава, што на пасяджэнні прысутнічаў галоўны спецыяліст юрыдычнага аддзела райвыканкама Андрэй Бяласік.
Паводле “Радыё Рацыя”, у судзе ён сказаў, што ўсё было зроблена правільна: “Я лічу, што парушэння выбарчага заканадаўства не было. Не маю кампетэнцыі адказаць, дзе вам набыць вопыт”.
Пры гэтым пры фарміраванні камісіі было адмоўлена не толькі Тамары Шчапёткінай, але і сябру БНФ Анатолю Сахарушку, які меў досвед працы ва ўчастковых камісіях.