Бяроза: Незалежнныя вылучэнцы прадказальна не трапілі ў склад ТВК
Сумесным рашэннем прэзідыума Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта 19 траўня была створаная Бярозаўская раённая камісія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі.
У мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каронавірусной інфекцыі пасяджэнне праводзілася ў адсутнасці прадстаўнікоў партыяў, грамадскіх аб'яднаньняў, працоўных калектываў, грамадзянаў. Праўда, з трансляцыі ў запісе самога пасяджэння (працягласцю каля 25 хвілінаў) было відаць, што толькі адзін з удзельнікаў быў у масцы.
На максімальна магчымы склад з 13 сябраў прэтэндавалі 17 вылучэнцаў.
Незалежныя ад уладаў вылучэнцы ў камісію не трапілі.
Сябра партыі БНФ, пенсіянер Анатоль Сахаруша меў вопыт працы ва ўчастковых камісіях. У 2010 годзе быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва. Але не меў вопыту працы ў раённай ВК.
Іншая незалежнаы вылучэнка, пенсіянерка Тамара Шчапёткіна не мела вопыту працы ў складзе выбарчых камісіяў, хоць і мела шматгадовы вопыт назірання ў камісіях рознага ўзроўню і ў міжнародных місіях назірання, і добра ведае Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусі.
Было адмоўлена і другім вылучэнцам ад БРСМ (галоўнай бухгалтарцы Бярозаўскай раённай арганізацыі БРСМ Натальлі Мшар) і Бярозаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў (намесніцы начальніка аддзелу занятасці, кіравання па працы і сацыяльнай абароне Бярозаўскага райвыканкаму Аксане Амельянчук). Першых вылучэнцаў ад гэтых арганізацыяў — супрацоўнікаў Бярозаўскага райвыканкаму Аляксандра Крагеля і Алену Муратаву — уключылі. Вылучэнне другіх прадстаўнікоў ад адной арганізацыі было зробленае, каб абгрунтаваць адмову альтэрнатыўным прэтэндэнтам ад партыі БНФ (на выпадак суду).
Адносна 2015 года склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі абнавіўся на 4 сябра (Н. Вышынская, З. Музыка, І. Рудзь і Л. Цалуйка).
На сумесных пасяджэннях у Драгічынскім (працягвалася каля 8 хвілінаў), Пружанскім (каля 18 хвілінаў), Іванаўскім (менш 8 хвілінаў) і Івацэвіцкім раёнах (каля 18 хвілінаў) на 13 месцаў у складзе раённых выбарчых камісіяў прэтэндавалі па 13 вылучэнцаў.