Якія меры бяспекі супраць COVID-19 плануюць прадпрымаць выбаркамы ў Мінску?
У Мінску 20 траўня прайшлі першыя паседжанні толькі сфарміраваных тэрытарыяльных камісій. На паседжаннях Мінскай гарадской і Першамайскай раённай выбарчых камісій прысутнічаў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Пашкевіч. Ён распавёў, як праходзяць паседжанні выбарчых камісій афлайн падчас пандэміі COVID-19 у Мінску і якія меры бяспекі там плануюць прадпрымаць.
Мінская гарадская камісія і забарона сустрэчаў сябраў камісіі перад паседжаннямі
Як паведамляе назіральнік кампаніі, старшынёй Мінскай гарадской камісіі абраны Дзмітры Шаўцоў, галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска і старшыня Беларускай Асацыяцыі ўрачоў. Ён узначальваў тэрытарыяльныя камісіі на ўсіх выбарчых кампаніях апошнія пяць год, акрамя 2016 года. Як распавёў Алег Пашкевіч, асобая ўвага падчас паседжання была звернутая новаабраным старшынёй камісіі на прафілактыку COVID-19. Па словах галоўнага ўрача Дзмітрыя Шаўцова, камісія будзе забяспечана маскамі, пальчаткамі і дэзінфікуючым растворам у бліжэйшы час.
Таксама на паседжанні агучылі, што сябры камісіі падчас дзяжурстваў мусяць сустракацца з наведвальнікамі перад пастом міліцыі ў холе Мінгарвыканкама, перад гэтым апрануўшы маску і пальчаткі. Таксама ў мерах бяспекі ён прапаноўваў апрацоўваць файлы з дакументамі антысептыкам.
"Гэта гучала як варыянт таго, што яшчэ можна зрабіць, каб не захварэць. Ён сапраўды выказваў занепакоенасць", – распавёў Алег Пашкевіч.
Акрамя гэтага, Шаўцоў адзначыў, што сябры каміссіі не мусяць на гэты раз сустракацца перад паседжаннем для абмяркавання нейкіх пытанняў, як гэта было мінулым разам. Таксама ён параіў сябрам камісіі выконваць меры бяспекі і па за камісіяй, напрыклад, у транспарце. Гэта "дзеля таго, каб камісія працавала падчас кампаніі ў поўным складе".
Першамайская раённая выбарчая камісія і латок для дакументаў на ўваходзе
Як распавядае Алег Пашкевіч, вялікая ўвага прафілактыцы COVID-19 была звернутая і на паседжанні Першамайскай раённай выбарчай камісіі ў Мінску. Старшыня камісіі В. Кузняцоў загадаў усім сябрам камісіі мець маскі. І калі наведвальнік папросіць іх, то яны мусяць маску надзець. Таксама на паседжанні адзначылі, што і наведвальнікі мусяць быць у масках.
“Адна з сябраў камісіі прапанавала паставіць латок для дакументаў на стале на ўваходзе, каб тыя, хто не пагадзіцца надзець маску, пакідалі дакументы на ўваходзе”, – распавёў назіральнік кампаніі.
Як і на паседжанні Мінскай гарадской камісіі, старшыня камісіі паабяцаў, што ў хуткім часе будуць набытыя маскі і дэзінфікуючы раствор для працы камісіі.
Пры гэтым, на паседжанні Першамайскай раённай выбарчай камісіі ў масках знаходзілася толькі частка камісіі. Сябры Мінскай гарадской камісіі пачалі апранаць маскі толькі па завяршэнні паседжання. Па словах Алега Пашкевіча, амаль усе назіральнікі на двух паседжаннях былі ў масках.
Як (не)выконваліся стрымліваючыя меры па распаўсюджванню COVID-19 пры фармаваннях Салігорскай і Маладзечанскай тэрытарыяльных камісій чытаць тут:
Назіранне на выбарах падчас пандэміі — як гэта выглядае на практыцы