Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіранне на выбарах падчас пандэміі — як гэта выглядае на практыцы

У Беларусі праходзіць чарговы этап выбарчай кампаніі — утварэнне тэрытарыяльных камісій. Дадзеныя камісіі фармуюцца мясцовымі выканкамамі не пазней чым за 80 дзён да выбараў. На гэтай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі яны павінны быць арганізаваныя не пазней за 20 траўня. Раней на такіх пасяджэннях прысутнічалі назіральнікі, якія маглі ажыццяўляць назіранне на свае вочы. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета фармат правядзення пасяджэнняў выбарчых камісій змяніўся, што пацягнула за сабой і змяненне формы назірання. Цяпер назіральнікі ажыццяўляюць назіранне праз прамыя трансляцыі, спасылкі на якія размяшчаюцца на сайтах выканкамаў. Як гэта выглядае на практыцы? Як захоўваецца санітарны рэжым падчас паседжанняў па фармаванні камісій? Сваім досведам назірання праз прамыя трансляцыі падзяліліся назіральнікі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Мархотка з Салігорска і Аляксандр Капуцкі з Маладзечна.

Фармаванне Салігорскай ТВК: Сацыяльная дыстанцыя не выконвалася, камісія сфармавалася з пажыццёвых чальцоў

Фарміраванне Салігорскай ТВК 19 мая 2020 года. Фота прамой трансляцыі: Леанід Мархотка
Фарміраванне Салігорскай ТВК 19 траўня 2020 года. Фота прамой трансляцыі: Леанід Мархотка

Як паведамляе назіральнік кампаніі Леанід Мархотка, трансляцыя ў анлайн-рэжыме пачалася своечасова – у 9:00. Назіральнік кампаніі распавёў, што падчас трансляцыі старшынствуючы паседжання па фарміраванні Салігорскай тэрытарыяльнай камісіі не прадстаўляўся, таксама не быў прадстаўлены ні адзін член Салігорскага выканкама і прэзідыума савета. Адзіны, хто прадставіўся на паседжанні – запрошаны пракурор Салігорскага раёна Алег Аўдзей. Астатнія не назвалі ні свае прозвішчы, ні пасады, якія займаюць.

Леанід Мархотка звяртае ўвагу на ігнараванне прысутнымі на паседжанні стрымліваючых мер па распаўсюджванню COVID-19:

"Усе чальцы паседжання па фармаванні камісіі былі без ахоўных пальчатак і масак. Без сродкаў абароны былі і ўсе тэхнічныя работнікі Салігорскага СТК падчас працы ў памяшканні, дзе праходзіла паседжанне і прамая трансляцыя. Сацыяльная дыстанцыя прысутных не выконвалася: сябры прэзідыума Салігорскага Савета дэпутатаў знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці адзін ад аднаго".

Фарміраванне Салігорскай ТВК 19 мая 2020 года. Фота прамой трансляцыі: Леанід Мархотка
Фарміраванне Салігорскай ТВК 19 траўня 2020 года. Фота прамой трансляцыі: Леанід Мархотка

Падчас трансляцыі можна было бачыць членаў паседжання і іх галасаванне. Пры гэтым на відэакамеру ніякіх дакументаў не дэманстравалася.

Як адзначае назіральнік Леанід Мархотка, усе сябры Салігорскай ТВК – пажыццёвыя сябры салігорскіх выбарчых камісій усіх узроўняў. Паводле яго слоў, ні аднаго новага члена не было ўключана ў склад камісіі:

"Адмоўлена ва ўключэнне ў склад Салігорскай ТВК сябру палітычнай партыі "Грамада" Генадзю Масакоўскаму. Агучана, што ў пададзеных дакументах утрымліваюцца парушэнні. Раней ён быў членам выбарчых камісій Салігорска. Але пасля таго, як апошні раз на парламенцкіх выбарах, як сябра акруговай Салігорскай выбарчай камісіі №68, ён на адным з пасяджэнняў устрымаўся падчас галасавання, быў падвергнуты асуджэнню астатнімі членамі камісіі. Як вынік – выключаны са складу салігорскіх пажыццёвых членаў выбарчых камісій".

Фармаванне Маладзечанскай ТВК: Усе былі без масак, нельга было ідэнтыфікаваць усіх прысутных

Фарміраванне Маладзечанскі ТВК 19 мая 2020 года. Скрін прамой трансляцыі пасяджэння Аляксандра Капуцкага
Фарміраванне Маладзечанскі ТВК 19 мая 2020 года. Скрыншот Аляксандра Капуцкага

У аўторак, 19 траўня, адбылася прамая трансляцыя з сумеснага паседжання прэзідыума Маладзечанскага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. Назіранне тут ажыццяўляў назіральнік "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксандр Капуцкі:

"Стрым пачаўся своечасова. Але гук на некалькі секунд апярэджваў карцінку. Камера ахоплівала ўсю залу паседжання, але здымкі вяліся з аднаго месца. Таму не ўсіх асоб можна было разгледзець, бо сядзелі адзін за адным, і нельга было ідэнтыфікаваць, хто канкрэтна там хаваецца. Але падлічыць колькасць прысутных можна было".

Таксама падчас стрыму ніхто з прысутных, акрамя дакладчыцы, не прадставіўся. Яе прадставіў вядоўца паседжання. Назіральнік Алесь Капуцкі распавядае, стрымліваючыя меры па распаўсюджванню COVID-19 на паседжанні выконваліся не ў поўнай меры. Усе прысутныя былі без масак. Акрамя гэтага, нельга дакладна сказаць, ці выконвалася на паседжанні сацыяльная дыстанцыя – частка прысутных сядзела даволі шчыльна адзін з адным.

"Склад камісіі практычна застаўся той жа, што і на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, хіба адзін чалавек змяніўся. Гэта праверым, калі афіцыйна апублікуюць склад. Члены камісій вылучаліся рознымі спосабамі: ад грамадзян, ад грамадскіх арганізацый, ад партый, ад працоўных калектываў. Месцы працы – практычна ўсе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі. Тое ж можна сказаць аб грамадскіх аб'яднаннях і партыях – усе прадзяржаўныя ("Чырвоны Крыж", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і г. д.)", – распавёў пра вынікі паседжання Аляксандр Капуцкі.

У мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ЦВК у пастанове №15 "Аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў" адзначыла, што "пры ажыццяўленні назірання на пасяджэннях камісій і на ўчастках для галасавання назіральнікі выконваюць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі". Аднак, як відаць на прыкладзе фармавання Салігорскай і Маладзечанскай тэрытарыяльных камісій, самі асобы, якія непасрэдна задзейнічаныя ў арганізацыі выбарчай кампаніі, не спяшаюцца выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары