У Астраўцы асноўны крытэр для ўключэння ў ТВК – досвед працы ў камісіях
У Астраўцы 19 траўня ранкам на сумесным пасяджэнні прэзідыума райсавету дэпутатаў і райвыканкама сфармавана тэрытарыяльная камісія па выбарах прэзідэнта.
Пры абмеркаванні дзелавых якасцяў кожнага асобнага прэтэндэнта перад галасаваннем агалошваўся адзіны крытэр – наяўнасць вопыту працы ў камісіях рознага роўню, а калі такога вопыту не было, то наяўнасць ускосных прыкмет дачынення да выбараў.
Прэтэндэнты ад апазіцыйных партый у склад камісіі не вылучаліся. Але відавочна, што пры такіх крытэрах адбору патрапіць у склад камісіі ім было б наўрад ці магчыма.
Традыцыйна адмоваў ва ўключэнні ў склад камісіі прадстаўнікам праўладных прафсаюзаў, БРСМ, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын” не было.
Адметна, што для анлайн-трансляцыі пасяджэння, якая была даступнай да прагляду ў другой палове дня, відэазапіс зроблены з-за спінаў удзельнікаў. Таму ідэнтыфікаваць іх было немагчыма.
Відавочна, для паказальнасці захоўвання рэкамендацый па прафілактыцы распаўсюджвання вірусу COVID-19 два першыя перад камерай удзельнікі мерапрыемства былі у масках, а адзін галасаваў рукой у гумовай пальчатцы, што выглядала вельмі кантрастна.