Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Подпісы для вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты будуць збіраць 15 ініцыятыўных груп

Пасяджэнне ЦВК 20 траўня 2020 года
Пасяджэнне ЦВК 20 траўня 2020 года

20 траўня праходзіць пасяджэнне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, на якім былі разгледжаныя пытанні рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Першай Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты былога банкіра і кіраўніка “Белгазпрамбанка”  Віктара Бабарыкі ў складзе 8905 чалавек (выкраслілі некалькі чалавек);

Наступная зарэгістраваная кандыдатура – былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала;

Віктар Бабарыка на паседжанні ЦВК
Віктар Бабарыка на паседжанні ЦВК 20 траўня.

Далей рэгіструюць ініцыятыўныя групы старшыні БСДГ Сяргея Чэрачаня, экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, сустаршыні БХД і ўдзельніцы праймерыз Вольгі Кавальковай, лідара “Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева.

Пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай (жонкі блогера Сяргея Ціханоўскага) выяўлены 7 чалавек з няпоўнымі дадзенымі. Спісы групы супадаюць з пададзенымі раней спісамі Сяргея Ціханоўскага. Тым не меней, група зарэгістраваная.

Андрэй Іваноў – пададзеныя дакументы не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства (не з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь). У рэгістрацыі – адмоўлена.

У групе Алеся Таболіча, музыкі майстра-тату – некалькі людзей з недакладнымі звесткамі. Група – зарэгістраваная.

Адмоўлена ініцыятыўнай групе Міхаіла Валынца па прычыне адмовы многіх грамадзян ад свайго подпісу. У групе засталося меней за 100 чалавек. Праверку праводзілі чыноўнікі з Маладэчна.

Валерыю Перавошчыкаву (адзін з ініцыятараў “Бессмяротнага палка”) адмоўлена па прычыне адсутнасці грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Група старшыні партыі АГП Мікалая Казлова зарэгістраваная. Юрый Губарэвіч таксама прайшоў са сваёй ініцыятышнай групай. Абодва яны кандыдаты ад праймерыз.

Уладзіміру Правальскаму з Віцебску адмоўлена, адзначана што спісы амаль поўнасцю сфальшаваныя.

Адмоўлена ў рэгістрацыі групы Паўла Спірына.

У Андрэя Мажэйкі ў спісах выпадковыя людзі, якія яго ня ведаюць. У рэгістрацыі адмоўлена  

У ЦВК пагалоўна "парэзалі" кандыдатаў пратэсту

Усяго былі пададзеныя 55 пакетаў дакументаў. На пясяджэнні ЦВК 15 траўня былі зарэгістраваныя 4 заявы, 10 прэтэндэнтам было адмоўлена. 19 траўня ЦВК зарэгістравала 5 ініцыятыўных груп, адмовіла ў рэгістрацыі – 32.

Раней былі зарэгістраваныя:

  1. Аляксандр Лукашэнка, дзеючы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;
  2. Алег Гайдукевіч, старшыня партыі ЛДПБ;
  3. Уладзімір Непомняшчых, актывіст партыі АГП, Гомель;
  4. Юрый Ганцэвіч, фермер з Гомельскага раёна;
  5. Наталля Кісель, намеснік дырэктара прыватнага прадпрыемства з Мінску;

Агулам подпісы для вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты будуць збіраць 15 чалавек.


Каментары