Дзе ў палескім рэгіёне забаранілі пікетаваць за кандыдатаў
Рашэнні мясцовых выканкамаў, якімі вызначылі месцы, забароненыя для пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі на прэзідэнта, зрабіліся больш дэмакратычнымі ў параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі. Але ўлады па-ранейшаму адгарадзілі сябе ад зборшчыкаў подпісаў 50-мятровай адлегласцю.
Як піша "Палеская Вясна", раней практычна ва ўсіх рашэннях у спісах месцаў, дзе забаронена праводзіць збор подпісаў за кандыдатаў, былі 50-мятровыя тэрыторыі вакол сельсаветаў, вузлоў паштовай і электрасувязі, установаў адукацыі, прадпрыемстваў вода- цепла- і энергазабеспячэння, рэдакцыяў мясцовых газетаў, тэле- і радыёстудыяў і нават вышак мабільных аператараў. Цяпер тут збіраць подпісы можна.
А нельга практычна ва ўсіх раёнах бліжэй, як за 50 метраў ад будынкаў райвыканкамаў, раённых судоў, пракуратураў і аддзелаў унутраных справаў. У Калінкавічах, Хойніках, Рэчыцы і Светлагорску таксама на тэрыторыях раённых лякарняў.
Рэчыцкія ўлады забаранілі збор подпісаў яшчэ і бліжэй як за 50 метраў ад вайсковай часткі інжынерных войскаў на ўскрайку горада і часткі, дзе размешчаная рота ўнутраных войскаў. Таксама ў Рэчыцы і Светлагорску забароненыя пікеты на тэрыторыях чыгуначных станцыяў Рэчыца і Светлагорск-на-Бярэзіне і адпаведных аўтастанцыяў ў райцэнтрах. У Мазыры нельга ставіць пікеты на аўтавакзале.
Але найбольш актыўнасці збіральнікаў подпісаў баяцца ўлады Светлагорска. Тут з месцаў, дзе можна паставіць пікет і збіраць подпісы за таго ці іншага кандыдата, у дадатак да ўсяго, што і ў іншых раёнах, вывелі тэрыторыю ўсёй цэнтральнай плошчы, абмежаваную вуліцамі 50 гадоў кастрычніка, Леніна і Інтэрнацыянальнай. Відавочна, кармленне галубоў, якое штонядзелю адбываецца на плошчы, але без сцягоў і плакатаў, мясцовае кіраўніцтва яшчэ трываць можа. А вось паўнавартасны пікет з сімволікай і заклікамі падпісвацца – гэта вышэй уладнай вытрымкі і без таго знерваванага змаганнем супраць экаактывістаў старшыні райвыканкама Дзмітрыя Алейнікава і ягонай каманды.
Пра месцы для збора подпісаў у Свелагорску таксама распавяла назіральніца Алена Маслюкова:
Светлагорск: На тэрыторыях школ пікетаваць можна, а на галоўнай плошчы – нельга