Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Светлагорск: На тэрыторыях школ пікетаваць можна, а на галоўнай плошчы – нельга

Светлагорск. Фота ўзята з onliner.by
Светлагорск. Фота ўзята з onliner.by

Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” са Светлагорску Алена Масклюкова прааналізавала тыя месцы, якія рашэннем Светлагорскага райвыканкама ўвайшлі ў спіс забароненых для арганізацыі пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

Па словах Алены, у Светлагорску мясцовыя ўлады імкнуцца ісці шляхам лібералізацыі. У гэтую выбарчую кампанію знялі забарону на правядзенне пікетаванняў па зборы подпісаў на адлегласці менш 100 метраў ад устаноў аховы здароўя, чыгуначнай станцыі і аўтастанцыі. Цяпер нельга пікетаваць толькі на іх тэрыторыі. Таксама знікла з рашэння (у параўнанні з усімі папярэднімі рашэннямі) і забарона пікетавання на тэрыторыях устаноў адукацыі.

Нязменным засталіся 50 метраў ад будынкаў суда і пракуратуры.

І, нарэшце, самым ахоўваемым аб’ектам у Светлагорску з’яўляецца Цэнтральная плошча. Паводле назіральніцы, ва ўсе выбарчыя кампаніі гэта месца аберагаецца больш за ўсё. Мо таму, што на плошчы, акрамя будынка выканкама, яшчэ знаходзіцца РАУС і пракуратура.

“Дык хай бы пакінулі тыя ж 50 метраў адлегласці, а на астатняй частцы плошчы дазволілі б пікеты па зборы подпісаў. Абсурднасць рашэння ў тым, што атрымалася дазволеным пікетаванне на тэрыторыях школ, але недазволеным на плошчы. Хаця гістарычна так склалася, што менавіта па плошчах і вырашаліся ўсе важныя пытанні, праводзіліся ўсе важныя мерапрыемствы".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары