Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Еўрасаюз не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і вылучае 53 млн еўра для падтрымкі беларускага народу

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін ЕС не прызнаюць вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі, паведамляе Радыё Свабода. Пра гэта 19 жніўня, заявіла канцлер ФРГ Ангела Меркель па выніках надзвычайнага саміту ў Брусэлі. Нямеччына ад 1 ліпеня паводле ратацыі з'яўляецца старшынёй Савета ЕС.​

Паводле яе, галасаванне не было ні справядлівым, ні свабодным.

«Выбары не былі ні справядлівымі, ні свабоднымі, і па гэтай прычыне вынік гэтых выбараў не можа быць прызнаны», – цытуе DW Ангелу Меркель.

Няма ніякіх сумневаў у тым, што мелі месца масавыя парушэнні падчас выбараў, адзначыла Меркель па выніках кансультацыяў, якія доўжыліся каля трох гадзінаў.

«Мы асуджаем жорсткі гвалт супраць людзей», – дадала яна.

Усе палітвязні павінны быць безумоўна вызваленыя, падкрэсліла канцлер. Акрамя таго, неабходны нацыянальны дыялог, на якім настойвае апазыцыя, упэўненая Ангела Меркель.

«Мы на баку мірных дэманстрантаў», — падкрэсліла яна.

Кіраўнік Еўрапейскага Савету паабяцаў увесці санкцыі супраць «адказных за гвалт»

Кіраўнік Еўрапейскага Савета Шарль Мішэль падкрэсліў, што вынікі выбараў не будуць прызнаныя. Акрамя таго, ЕС увядзе санкцыі супраць «значнай колькасці тых, хто адказны за гвалт у краіне і фальсіфікацыю на выбарах». Мішэль заклікаў Мінск знайсці мірнае выйсце з крызісу.

Еўрапейскі Савет — найвышэйшы палітычны орган Еўрапейскага Саюза, які складаецца з лідэраў дзяржаваў і ўрадаў краін ЕС.

Для ўдзелу ў саміце, які праходзіў у фармаце відэаканфэрэнцыі, многія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЕС перапынілі вакацыі.

Еўракамісія выдзяліць 53 млн еўра для Беларусі

Старшыня Еўракамісіі Урсула Фон дэр Ляен заявіла, што што ЕС гатовы выдзяліць значную падтрымку Беларусі ў рамках «Усходняга партнёрства».

Яна падкрэсьліла, што лідэры ЕС пасылаюць тры сігналы Беларусі:

  • ЕС падтрымлівае беларускі народ;
  • ЕС увядзе санкцыі супраць асобаў, адказных за гвалт і фальсіфікацыі;
  • ЕС гатовы суправаджаць мірную перадачу ўлады ў Беларусі.

Старшыня Еўракамісіі заявіла, што ЕС збіраецца пераразмеркаваць сродкі і вылучыць больш грошай грамадзянскай супольнасці, а не ўладам.

«Еўракамісія выдзяліць дадатковыя 53 млн еўра для падтрымкі беларускага народу ў гэты цяжкі час. 2 млн еўра будуць выдзеленыя на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў і непрымальнага гвалту з боку дзяржавы, 1 млн – на падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ і 50 млн эўра ў рамках экстранай дапамогі на барацьбу з каранавірусам для сістэмы аховы здароўя», – сказала Фон дэр Ляен.


Каментары